Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сэрэнада

А.

Жанчыны чытаюць “Алесю” і “Vogue”.
Мужчыны віно распіваюць на трох.
Сабака на сучку юрліва налёг
і прагна яе дзяўбе.
Плыве цэпелін, а на ім сядзіць Бог,
стары селянін расьцярушвае стог,
рабочы ад моцных нагрузак падох,
а я кахаю цябе.

У барах марціні, ікра, казыно,
па тэлеку збольшага круцяць лайно,
Кусто ў батыскафе дасьледуе дно,
музыка гудзе на трубе.
Вяртаюцца ў моду панамы й трыко,
на працы за шкоднасьць даюць малако,
сьлязу выцірае ўдавіца рукой,
а я кахаю цябе.

Адзін у дэпрэсіі п’е “Валідол”,
другая зьмяніла фрызуру і пол,
у трэцяга жарсьць – беларускі футбол,
чацьверты зьяжджае з эРБэ.
У пятага – лецішча, шосты – памёр,
у сёмага з восьмым шыза наконт гор,
дзявяты цалуе хлапцоў, бо – мажор,
а я кахаю цябе.

Ўвесь сьвет заклапочаны кожны сваім:
і кухар, і псіх, і настаўнік, і мім –
у кожнага ў сэрцы свой цёмны сім-сім.
І большасьць любіць сябе.
Банкіры ахоўваюць “бабкі” свае,
а бабкі бароняць бутэлькі свае,
і ўсе тут свае, і на ўсіх не стае,
і я – кахаю цябе.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Сэрэнада - Сяргей Прылуцкі