Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Засынаюць вятры у палёх

Засынаюць вятры у палёх,
Птушкі ў гнёздах,
Звяры у пячоры,
Ды не сню толькі я прайдох
Гэтым жнівеньскім адвячоркам.
Што напісана – ажыве,
Расцячэцца па дрэве думкай-
Наша мова у дрэвах жыве,
Ў кожным клёне і ў кожным дубе.
Гэтак плача смалою клён,
Вы вазьміце яе, пакаштуйце.
Гэта мовай жывою ён
Як крывёю запэцкаў грудзі.
Бы ад кулі рану крывіць-
Так балюча яму і горка,
Калі б вуснамі прытуліць
Хтосьці мог адвячоркам золкім.
Пачакай, засланю яе,
У палёх вятры засынаюць,
Пэўна сна табе не стае,
Мае рукі цябе трымаюць,
Ты заплюшчы вочы, паспі,
Захініся у лісце-голле,
У далоняў цяпло вазьмі,
Каб сагрэцца ў халодным полі.
Я да рання буду з табой.
Чуйны сон захаваць нялёгка,
А крумкач прынес неспакой,
І пачуўся у полі клёкат.
Ты даруй мне, што не здалеў
Рады даць я нахабнай птушцы,
Нават ў карканні чутны спеў,
Калі гэта спяваюць душы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Засынаюць вятры у палёх - Васіль Гардзіёнак