Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Свет кахання адкрыты для ўсіх

Свет кахання адкрыты для ўсіх.
Увайшоўшы, забудзеш пра выйсце.
Вось і я тут для росквіту сіл
Назаўсёды застаўся калісьці.
А ў Парыжы ў Сене — вада!
Ля вады той гуляе Жанета.
Ды Парыж мне чужы. Не шкада,
Што не стрэўся з жанчынаю гэтай.

Толькі ўспомніцца — і затрымціць,
Усплыве забароненай тэмай,
Як гублялася доказу ніць
Закаханнасці тэарэмы.
А праз Полацк цячэ дзве ракі!
Ля вады той гуляе Галіна —
Давялося прайсці праз вякі,
Каб быць поплеч мне з гэтай жанчынай.

Хто па свеце кахання блукаў,
Адчуваў, што працяг яго — вечнасць,
Асабліва, калі на руках
Спіць дадаткам тваім чалавечак.
А паўсюль — акіяны вады!
Ля вады той гуляюць жанчыны.
Юнакі ўслед прыходзяць сюды
Й ператворваюцца з імі ў мужчынаў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Свет кахання адкрыты для ўсіх - Лявон Неўдах