Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЭЛІЗЫ АЖЭШКІ

(06.06.1841-1910)

Магілы паўстанцаў травой заплываюць
І Нёман не спіць між сівых берагоў,
Дзе сумныя людзі тутэйшага краю
У сэрцах хаваюць да краю любоў,

Якому і ты па крыві не чужая,
Бо ты нарадзілася тут і жывеш
І лепшае долі сабе не жадаеш,
Як-лепшага сонца, што ў небе плыве

Над мілаю сэрцу шляхетнай Гародняй,
Дзе замкі і Храмы, дзе ціша і тлум,
Дзе думкам, як птушкам у небе, свабодна,
Дзе самы гаючы бярозавы шум,

Якім ацяляюцца душы людскія,
Што мараць аб волі на роднай зямлі,
Дзе слёзы і кроў, над якімі воўк вые,
Нібыта ўсіх моліць, каб людска жылі

І не адракліся ад песень і казак,
Якія прыйшлі праз стагоддзі да нас,
Якія й пра нас праз стагоддзі раскажуць,
Калі захаваем мы іх у наш час.

І ты, каралева народнага слова,
Збіраеш не золата, золата-тло,
А песні і казкі тутэйшаю мовай,
У мове тутэйшай жывое святло,

Што дадзена Богам і не забярэцца
Нікім і ніколі, бо тут-ёсць народ,
І ён хто тут свой, хто чужы разбярэцца,
Калі не цяпер, дык праз тысячу год.

І, нібы з нябыту, з травы паўсплываюць
Магілы паўстанцаў, курганні дзядоў.
Не будзе нідзе прыгажэйшага краю,
Чым край,
да якога спазнана любоў…

24.02.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ЭЛІЗЫ АЖЭШКІ - Віктар Шніп
«