Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш А перад тым як зняць пагоны

А перад тым як зняць пагоны,
Вярнуцца да сваёй зямлі,
У часіну ціхае пагоды
Фатографа мы нанялі.
Над чорнай бухтаю стаялі.
Чужую слухалі ваду.
I нашы белыя медалі
Былі, як кажуць, на віду.
Усё здавалася нявечным
Пасля баёў і горкіх страт.
На памяць будучым нявестам
Здымаў гвардзейцаў апарат.
Плылі вячэрнія прысады,
Мультанам пахла з позніх град;
I – па фатографу з засады
Ударыў недабіты гад.
Над долам дагаралі сонцы,
Звінеў, кружыўся лістапад.
А мы застылі ў фотаплёнцы
Без аўтаматаў і гранат.
У пірамідзе – аўтаматы
(Камусь паверылі дарма).
I, можа, самі вінаваты,
Што фотаздымкаў тых няма…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш А перад тым як зняць пагоны - Аляксей Пысін