Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Як мы артыстамі былі

Мы п’есы гралі з першай чыткі,
У вёсцы шмат было такіх –
Ну, што ж, мы ставілі агіткі,
Яны даходзілі да ўсіх.

Ігралі мы, ігралі з жарам,
Хоць і спрачаліся з агнём –
Хацеў быць кожны камісарам,
Ніхто – буржуем і папом.

Мне добра помніцца й сягоння,
Быў на спектаклях поўны збор,
Як з коўдраў сшытую заслону
Рашуча адкрываў суфлёр.

Пасля ж са збітай проста будкі
Падказваў ён, як мог цішэй,
Мы ж паўтаралі не ціхутка,
На поўны голас, як мацней.

Спектакль наш хутка развінаўся,
Глядач быў пільны да ўсяго,
А з бізуном як пан з’яўляўся,
Крычалі нам: – Лупі яго!

Пазнаўшы блізкія прыкметы,
Дапамагаючы ўвесь час,
Як поп хінуўся да кабеты,
Крычалі нам: – Ну, рыхтык, наш!

Па некалькі так п’ес мы гралі
Ажно да позняе начы
I што паставіць, меркавалі
Яшчэ, дадому ідучы…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Як мы артыстамі былі - Пятрусь Броўка