Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Майскі дождж

Калі мы выйшлі на парад,
Сцяг узнялі чырвоны,
Праз гарадскі расцвіўшы сад
Прарваўся дождж калонай.

Не рады перш яму былі,
Не ў час прыйшоў ён з ветрам.
Але свой звон і гром калі
У адно ён зліў з аркестрам,

Калі на сценах камяніц,
На рыштаваннях новых
Ён з феерверкам бліскавіц
Заззяў шматкаляровы

I сцяг вясёлкавы узняў
Над першамайскай плошчай, –
Яго з нас кожны прывітаў
I з ім пайшоў ахвоча.

I там, дзе разам мы прайшлі,
Вясенні гул не моўкнуў,
Газоны пышна расцвілі,
Зазіхацелі вокны.

Аж не хацелася ужо
Нікому расставацца
З вясеннім ласкавым дажджом,
З яго цяплом гарачым.

А ён усе ішоў далей,
За шумныя прадмесці,
I знік у залатой імгле,
У чыстым полі дзесьці,

Адкуль часамі далятаў
Звон рэк, бароў знаёмы,
Шум руні, пах мядовых траў,
Што святкавалі з громам.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Майскі дождж - Максiм Танк