Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Глядзіцца ў люстэрка жанчына

Глядзіцца ў люстэрка жанчына

Нялёгка застацца жанчынай
У цяжкі, складаны наш час.
Быць вартай увагі мужчыны
Хацелася б кожнай із нас.

Шанцуе, калі спадарожнік
Сустрэнецца добры ў жыцці,
А не–дык як босай па пожні
Прыходзіцца з мужам ісці.

Глядзіцца ў люстэрка жанчына,
Падлічвае вёсны свае,
На стан яшчэ быццам дзяўчына,
Ды шчасця ў вачах нестае.

У клопатах вечных, без ласкі
Прыгожы марнуецца твар,
І ўжо не памогуць ні маскі,
Ні модны заморскі адвар.

Ў жыцці ёй не рыцар сустрэўся,
Гатовы з плячэй цяжар зняць.
Цяплом яе сэрца ён грэўся,
Не ўмеючы шчыра кахаць.

Глядзіцца ў люстэрка жанчына
І лічыць маршчынкі свае.
Ну дзе ж ты, сапраўдны мужчына-
Самотнае шчасце яе?

1996 г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Глядзіцца ў люстэрка жанчына - Ніна Кавальчук