Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Свята масак

Перад цудам навагодняй казкі
Дзеці самі выбіраюць маскі.

Верхалазу-жэўжыку – на сёмы…
Модніцы маленькай – пяты год.
Ды з якой прыдумкаю вясёлай
Строіцца касцюм на карагод!

Будзе шэры воўк і кот вучоны,
Рыжая ліса і Віні-Пух.
А для маскі з’едлівага чорта
Дзед для ўнука вывернуў кажух.

Свет маленства шумны і стракаты.
Са старой, як існасць, даўніны –
Ладзяцца каўбоі і піраты,
Кракадзілы, змеі і сланы.

Перад святам навагодняй казкі
Дзеці самі выбіраюць маскі,
Смела пазбягаючы апек…

Ім сягоння, пэўна ж, невядома,
Што свядома йшчэ і несвядома
Носіць маску толькі чалавек!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Свята масак - Яўгенія Янішчыц