Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Успамін пра Свята

Успамін пра Свята

Калі вечар зімовы заўзята
Шчэрыць чорныя зубы праз шкло,
Ўспамінаецца Боскае Свята,
Што ў далёкім дзяцінстве было.

І ўрачыстыя ў вокнах карункі,
І ўрачысты абрус на стале,
І пад ёлкай ўрачыстай дарункі,
І ўрачыстасць на сэрцы ў мяне.

І душа ўсё бліжэй да касцёла.
З неба снег, быццам там хмаратрус:
Гэта сядуць вячэраць анёлы –
Бог ім сцеле святочны абрус.

Ды ад зорачкі першай агеньчык
На ялінцы запаліць агні,
І прасіць будуць большы і меншы:
– Святло Божае, зло прагані!

А карункі – пялёнкі для Бога –
Тыя ў кожным бялеюць акне,
Каб Ён ласкай не кінуў нікога
І, вядома, прыйшоў да мяне.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Успамін пра Свята - Валера Мацулевіч