Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Скрып веснічак бацькоўскага парога

Скрып веснічак бацькоўскага парога,
Кашлаты дуб-магутны ўладар.
Для гэтага спатрэбіцца нямнога,
Каб мне з дзяцінствам стрэцца твар у твар.

Цяплом павее, лугам кветканосным,
Ранэткай спелай, водарам суніц,
І апячэ, і сэрцу стане млосна
Ад тых далекіх сполахаў зарніц.

І памяць тчэ карункі-вышыванкі,
Пад ногі сцеле мяккім дываном,
І з матчынаю песняй-калыханкай
Растае змрок, што ходзіць за акном.

І далячынь мне падаецца зблізку,
Закрыю вочы-тут вось, пад рукой.
Мне б пагушкацца трошкі ў калысцы,
Аставіўшы жыццевы непакой.

Дзяцінства незабыўна-дарагое,
Мінаюць дні, праходзіць пэўны час.
Сталеем мы, а ты ўсе ж такое.
На споведзь да цябе прыйду не раз.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Скрып веснічак бацькоўскага парога - Валянціна Владава