Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш I неба не праяснілася

I неба не праяснілася,
I дождж затапіў паплавы,
I ноччу мне сёння прыснілася,
Што быццам бы я нежывы.

Дапісаны пісьмы і вершы.
Запоўнены сотні анкет.
Пісьменнікі ў гонар памершага
Ладзяць прытворны банкет…

Прачнуўся. На сэрцы – дрэнна.
Трывога ў сэрца б’е:
Няўжо пражыты дарэмна
Гады агнявыя мае?

Мацней бы хацелася верыць
I людзям, і дружбе, і вершам.
Ды толькі дарог тых не мераць.
Што змералі мы ў сорак першым.

Не паўтараць памылак,
Не дараваць зняваг,
Адстойваць з большай сілай
Чырвоны ленінскі сцяг.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш I неба не праяснілася - Пiмен Панчанка