Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У зелянковых фарбах неба

У зелянковых фарбах неба
Па-над барвовым бліскам хмар.
А тут нішчымна пахне глеба,
Гібее восеньскі абшар.

Пацешся забаўкай маленькай:
Узбоч настылае раллі
Сваёй арэхавай кавенькай
Брынчэць па шэрым бадыллі, –

Калі прасцяг халодзіць вочы,
Калі такі падшэрхлы дол,
Калі такая ўжо сірочасць,
Такая жальба навакол,

Калі, як лісце, абтрасаеш
Гады на золкім рубяжы,
Калі да болю адчуваеш,
Як многа лішняга ў душы.

О надвячорак азалелы,
О спусташэння шары час!
Што пераспела, адбалела,
Хай абыходзіцца без нас –

У час трывання і надзеі,
У час цярплівасці адной,
Калі зімовае завеі
Крадзецца подых за спіной.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш У зелянковых фарбах неба - Міхась Стральцоў