Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Хвіліна маўчання

Хто ў вечнасць пайшоў,
Таму годы здаюцца хвілінамі.
Ды гэта хвіліна,
Здаецца мне,
Так і для іх
Няспешна праходзіць,
Звязуючай ніццю сувораю
Хвіліна маўчання
Нас, вельмі розных,
Радніць.

Вось хутка наступіць
Святая хвіліна маўчання.
Як будзе яна наступаць
І у будучым дзесь.
Калі разам скласці
Усе іх у Дні Перамогі, –
З хвілінаў маўчання
Другая гадзіна ідзе.

Хвілінай маўчання
Грамчэй нашы стукаюць сэрцы,
Хвілінай маўчання
Набатна
Ўспаміны гучаць.
І хай не маўчыць
І ў такую хвіліну
Сумленне.
Ў хвіліну маўчання
Яно нават можа
Крычаць!..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Хвіліна маўчання - Станіслаў Валодзька