Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Хітруны

Паветра куродымам труцяць,
Ваду каламуцяць і круцяць
З калыскі да самай труны
Хітруны.

Жаданняў сваіх выканаўцы,
Вы – знаўцы, вы – тонкія знаўцы
Адной чалавечай струны,
Хітруны.

Спасціглі мастацтва пралезці,
Аблытаць, правесці, аплесці
Шаўковаю пражай маны
Хітруны.

У вочы лісліва пахваляць,
Крадком па-змяінаму ўджаляць,
Каб думалі, што не яны –
Хітруны.

Дастануць усё, што захочуць:
Наўпрост не прабраўшыся, збочаць,
Запал паказаўшы трайны,
Хітруны…

Адкрылі, нарэшце, адкрылі,
Што самі сябе абхітрылі,
Люляючы дробязь маны,
Хітруны.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Хітруны - Пятрусь Макаль
«