Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сто год

Паўсотні гадоў
Адлічыла дарога,
А людзі гавораць –
Не так ужо многа.

Падумаеш, –
Хочацца
З імі згадзіцца,
Бо зроблена мала,
Хоць цемя свіціцца.

А колькі тых планаў,
Задумаў, імкненняў,
Каб жыць давялося
Год сотню, не меней.

Па роздуме часам
Мяркуеш іначай –
Нямала ў жыцці ты
Пазнаў і пабачыў.

Вясёла бывала,
Бывала і горна,
Я жыў у маленстве,
Што ў век той пячорны.

Я помню вясковы
Свой кут небагаты,
Старую, пахілую,
Курную хату.

I жорны, і ступу,
I ў лазні карыта,
I печку з камення
З дзён палеаліта.

I лапаць лазовы,
I подплет пяньковы,
I розныя зёлкі,
Шаптанні, замовы.

Кажушак, дзе дзірка
Ўзлязала на дзірку,
Дзе гузік быць мусіў –
Драўляную бірку.

Апухлыя твары,
Як бульба не ўродзіць…
Мінула год сорак таму
Ці стагоддзі?

Ды помню, як голасна
Трубы запелі, –
Чырвоныя сцягі
Усіх нас сагрэлі.

Як выйшлі мы разам
Па сонечных рэйках,
Сваю камсамольскую
Помню ячэйку.

Як селі за кніжку,
Як песні спявалі,
Ў якіх мы сусветны
Пажар раздзьмухалі.

Змагаліся дружна
З папом, самагонам,
Сядзелі ў засадах
Атрадамі ЧОНа.

Ігралі ў спектаклях
Удала, няўдала
Ды браліся смела
За ўсё, што трапляла.

Нас клікаў юнацтва
Запал ваяўнічы, –
Ды хіба мінуўшае
Ўсё пералічыш?

Былі і сустрэчы,
Былі й развітанні,
Было і балючае
Ў сэрцы каханне.

Абплаваны моры,
Аблётана неба,
Як кажуць, нямала
Спажыта і хлеба,

I з’едзена солі
За гутаркай брацкай,
I простай, здаровае
Кашы салдацкай.

Ад краю да краю
Краіну пракрочыў…
Нямала, нямала
Пабачылі вочы.

Пазнаўся я ў свеце
I з другам і з братам,
Дажыўся – працуе
Разбуджаны атам.

А можа, ён хутка
I полюс абудзіць,
Дажыўся – на Месяц
Збіраюцца людзі.

А крыллі маланкай
Праходзяць аблокі,
Што стаў нам сягоння
В’етнам недалёкі.

Што сцяг наш чырвоны
Ярчэй палымнее,
Што наша сям’я ўсё
Расце і мацнее.

Навошта ж гады мне
Падлічваць маркотна,
Бо іх перажыта
Вялікая сотня!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Сто год - Пятрусь Броўка