Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А чым магу я пахваліцца?

Казбекам добры друг-кунак,
Яго папахай ганарыцца.
Я з другам згодзен. Гэта так.
А чым магу я пахваліцца?

Свой край я ў думах абышоў
З канца ў канец раз сотню, мусіць.
Ні гор, ні мора, ні стэпоў
Нідзе няма на Беларусі.

Ну што ж, скажу я, – выбачай,
Няма вяршынь у нас высокіх,
Ды ты, мой дружа, прыязджай,
Быць можа, што падзе на вока.

У нас, куды б ты ні пайшоў,
Напэўна стрэціш ручаінку
У срэбным клёкаце размоў,
Як гаманлівую дзяўчынку.

Пабачыш ранкам на зары,
Як промні свой плятуць карунак,
Пачуеш, граюць як вятры
На чаратах, нібы на струнах.

Нямала ўбачыш па гаях
Рабін-красунь чырванашчокіх,
Заўважыш – у старых дубках
Паміж галін вісяць аблокі.

Пабачыш бор. А ён – байкар,
Нашэпча шмат табе – паэту,
I ў ім натрапіш на гушчар
Такі, што быў з пачатку свету.

I хай не стрэнеш вадаспад,
Крыніцы ўсмак напояць госця.
I скажаш ты: “Я згодзен, брат,
I ў вас нямала прыгажосці!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш А чым магу я пахваліцца? - Пятрусь Броўка