Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дэкрэт Леніна

У дзень той, помню, без прынукі
У воласці маёй глухой
Сышліся ўсе: дзяды і ўнукі,
Бацькі і дзеці грамадой.

На зборні пах махры і поту,
Стаялі, збіўшыся гуртом.
Матрос, прыехаўшы з Балтфлоту,
Праз дым маячыў за сталом.

Трымаў рукой лісток паперы, –
Здаецца, крыллі ў ім былі,
Натоўп уважным вокам змераў:
– Я вам, брацішкі, аб зямлі…

У гурт узбуджаны, вясёлы
Кідаў ён словы нараспеў,
Але й яго нястрымны голас
Было зрываўся і дрыжэў.

I хоць чытаў матрос не вельмі:
Збіваўся, блытаўся не раз,
А скончыў – людзі загудзелі,
Агонь у лямпе ледзь не згас.

Паперу ледзь не кожны мацаў:
– Чытай, матрос! Чаго прыціх?.. –
I той праз ноч шурпатым пальцам
Вадзіў па словах агнявых.

Пыталіся, нібы ў маленні:
– Скажы нам, добры чалавек,
А хто такі таварыш Ленін?
– Той, хто зямлю вам даў навек!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дэкрэт Леніна - Пятрусь Броўка