Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вясновыя матывы

Змыла сонца ўсюды снег іржавы,
Рамантуюць вуды рыбакі.
Як змяніўся горад, – разважаюць
Першыя вясновыя шпакі.

А начальства звоніць: “Слаба, слаба…
На кватэрным фронце – паднажаць!”
За чубы хапаюцца прарабы,
Лаюцца, па-зімняму дрыжаць.

Толькі знае крытык адмысловы,
Дзе там тэмпы добрыя узяць:
З незашклёных вокан, як з паштовак,
На вясну тынкоўшчыцы глядзяць.

Што ім да начальніцкай праборкі!
Закаханы ўсе тут да адной.
Ноччу ходзяць парамі ўсе зоркі,
А Палярнай зоркі не відно.

Хмураць бровы грозныя дэканы,
Ім трывогу цяжка утаіць:
Зблыталі студэнты нечакана,
Дзе Белград, дзе Белгарад стаіць.

Кружацца шпакі ля тэлевышкі,
Хочацца ім выступіць хутчэй.
А за Мінскім морам у зацішку
Сонца ўжо дыван зялёны тчэ.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вясновыя матывы - Пiмен Панчанка