Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чырвоная зорка

Шалеюць паны з Уол-стрыта і Сіці
I лёкаі іх на прадажных задворках:
– У розных краінах на свеце,
Глядзіце, –
Масква запаліла чырвоныя зоркі.

Так, праўда, іх многа,
Змаганцаў за волю,
Такіх, што акроплены ў бітвах крывёю,
I радасна нам, што ўсё болей і болей
Праменняў тых зорак гарыць над зямлёю.

У горах Карэі,
У пушчах В’етнама,
У джунглях Малайі, дзе бітвы шугаюць…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Іх не прынеслі аднекуль рукамі,
А з полымя сэрцаў яны вырастаюць!

Народы збіраюць,
Як брата да брата, –
Відаць тыя зоры над цэлым сусветам.
Завуць яны Дэніса выйсці з-за кратаў.
Стаяць па-над ложкам Назыма Хікмета.

Чырвоная зорка –
Маяк пад’ярэмных,
Яна іх яднае, вядзе іх ў атаку,
Надзеі ў людзей на яе не дарэмны;
Чырвоная – новага свету адзнака.

Пад зоркай чырвонаю
Дружба і шчырасць,
Яе перамога – саюз між людзямі,
I молат, і серп, як сімвалы міру,
Абвіты на грудзях яе каласамі.

Чырвоныя зоркі
На сцягах геройскіх,
Расці і расці ім на свеце бясконца –
Яны праплываюць ля зоркі крамлёўскай,
Як быццам планеты навокала сонца.

Чырвоная зорка
Ад бацькі да сына
Праз сэрцы праходзіць нязгаслай ніколі –
Яе выпякалі жалезам на спінах,
Але пагасіць аніхто не падолеў.

Яна прабівае
Пахмурыя ночы,
Прад ёю банкіры дрыжаць і забойцы.
Да зоркі – мільярдаў скірованы вочы,
За ёй камунізм – людзей выратоўца!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Чырвоная зорка - Пятрусь Броўка