Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Аб рэўнасці

Як увосень знікае
Маркотнае сонца за свет,
То зямля сваё сонца
Раўнуе да іншых планет.

Сонца дзе прападае
Так доўга? Знікае куды?
Як дазволіць магло,
Каб зямлю закавалі ільды?

Май прыходзіць пасля –
Крыўд пазбыцца не можа зямля:
Цёмнай хусткаю хмар
Ад святла закрывае свой твар.

Сонца хмары зганяе,
Зямля наганяе іх зноў –
За махры сваю хустку
Трывае рукамі дубоў.

Але сонцу вясноваму
З неба ўсё чыста відно –
Пасылае на тыя дубы
Бліскавіцы яно.

За ударам удар,
Дуб за дубам ляціць на раллю.
Для жыцця, для любві
Сонца зноў адмыкае зямлю.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Аб рэўнасці - Аркадзь Куляшоў