Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Я ўваходжу ў мой горад

…Уяўляю сабе,
Як ідзеш ты па вуліцы горада,
Вецер зорак халодных
Лунае і лашчыць твой твар.
і за плаццем тваім,
Вераснёваю дымкаю створаным,
Бараду сваю жоўтую,
Хіліць сутулы ліхтар…

Я ўваходжу ў мой горад,
Дзе вецер гуляе праменнем,
Дзе ў маўклівым пытанні
Ўзняў шэрыя вежы вакзал.
Ўжо напэўна прысады
Прыпудраны ліcцем асеннім
і рыхтуюцца дрэвы
Згубіць свой апошні загар.

Ногі самі нясуць,
Каб хутчэй мне па скверы прайсціcя,
Там, дзе дворнік па сцежцы
Прычэсвае двор на прабор.
і ў звычайным настроі
Ў падтрымку апалага ліcця
На рагу жоўтым вокам
Міргае усім светлафор.

Наганяе слязу
Мне кляновае сонца завулка,
і бязважкае золата
Льецца на шэры асфальт,
А вярба-прыгажуня
Зялёная ў воблаку думак,
і яе адзінота
Навеяна подыхам страт.

Гэта зелень апошняя
Мне нібы востраў успамінаў,
Але сёння той востраў
Знікае амаль што зусім,
Бо на шчоках тваіх
Адбіваецца чырвань рабіны,
А пад ногі твае
Высцілаюць бярозы кілім.

А я кідаю ўпотай
Ад пошукаў стомлены позірк,
Пачынаю чуць песню,
Якую раней не пазнаў,
Ды баюся убачыць
Ў вачах тваіх бліcканне зорак,
Да якіх мне не ўзняцца
На крылах найлепшага сна.

Я ўваходжу ў мой горад
і веру у сілу натхнення,
Толькі горад развее
Тугу маю ў восеньскі дым,
Бо кляновае сонца
Бязважка раняе праменні,
А ліхтар бараду
Нахіляе за плаццем тваім.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Я ўваходжу ў мой горад - Мікола Гапоненка