Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мая Айчына

О, Беларусь-Літва, мая зямля!
Вялікая мая зямля-Айчына,
Мы ўсе браты, яднае нас яна,
Дастойным будзь сваёй зямлі ты сынам.
Тут продкі нашы за яе зляглі,
Калі на бітвы йшлі буйным паходам,
Жывуць яны на нашае зямлі,
Жывуць у сэрцы нашага народу.

З маёй зямлі Касцюшка, Радзівіл,
Адам Міцкевіч, Гедымін, Агінскі,
Тут Каліноўскі кроў сваю праліў
За волю нашу і за край ліцвінскі.
З малітвай Еўфрасінні свеціць дзень,
Шасціканцовы крыж заззяе ў небе,
Крыжом шасціканцовым з неба цень
Кладзецца тут, на нашай шэрай глебе.

З сабою ў сэрцах пранясем любоў
Да нашых продкаў, да зямлі, народу,
Спрадвеку нас яднае наша кроў,
Хай пранясуцца нашы карагоды,
Хай назаўжды паўсюль заззяе сцяг,
Хай наша слова не знікае болей,
Не спыніцца хай наш народны шлях,
І на шляху заўсёды будзе воля…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мая Айчына - Кірыл Азімка