Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Над Беларуссю дажджы

Над Беларуссю дажджы,
Вецер заходне-паўночны.
Жнівень сваё аджыў,
А студзень – жыць неахвочы.

Асенняму сонцу не вер:
То выблісне, то патухне, –
Нібы ў эпохі намер:
Быць плакальшчыцай ці павітухай?..

На раздарожжы стаіць
Час, як бадзяга прамоклы.
Над лёсам і сёл, і сталіц
Аселі нябесныя кроквы.

Здаецца, вось-вось ападзе,
Абваліцца дах сусветны,
Прыцісне і нас, людзей,
Як гэту зямлю і лета…

Над Беларуссю дажджы –
Хваліцца радыёхваля,
Як весткай, што Гандзі Раджыў
З Артэгам разрадку віталі,

Як з Веліхавым інтэрв’ю
Пра ядзерных зім завіруху,
Як песняй, што ў модным рэвю
Пакуль яшчэ можна паслухаць…

Гарантый няма цяпер,
Гняце няпэўнасці высеў.
Асенняму сонцу не вер
I ў ногі вясне пакланіся…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Над Беларуссю дажджы - Васіль Зуёнак