Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Узнацкі шлях

Узнацкі шлях –
Чатыры кіламетры –
Мае сябры,
Мае дажджы і ветры.
Чатыры знакі
Над маім сусветам…
Шляхі, шляхі, –
Пазначаны вы ўсе тут.
Вось гэты –
Самы юны і кароткі –
Да веснічак драўляных
Сямігодкі.
А ля яго –
Як чорны шнур:
Па гэтым
Вайну прынёс
Дзяжурны з сельсавета.
Яшчэ адзін…
Маўклівы і зацяты –
Бясконцы шлях
Да развітання з татам.
А ўпобачкі –
Вясёлкаю іскрыцца:
Унук да бабкі
Едзе са сталіцы…
Узнацкі шлях:
Мой шлях да маладосці
I новы шлях –
Да маладосці ў госці.
Узнацкі шлях:
Вязьмо маіх дарог,
Вязьмо надзей,
Чаканняў і трывог…
Іх сотні сот
На гэтых каляінах:
Удосталь мне
I ўдосталь будзе сыну.
Іх круцяць крута
Часу лемяхі,
Каб прарасталі
Новыя шляхі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Узнацкі шлях - Васіль Зуёнак