Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Разьвітаньне

Колькі гора навогул, як быццам усе зьехалі з глузду.
Расставаньне адно за адным, немагчыма спыніць.
Ад’язджаюць сябры ад жыцьця ў якім шчасьця ня густа.
Іх ня можна стрымаць, а таксама ня можна забыць.

Я б праз багну за імі ўздагон, не ўвязнуў у следзе,
Ці праз горы, далоні садраў, ці праз вецер у твар.
Яшчэ трохі, ад’едзе, ад’едзе, ад’едзе, ад’едзе!
Вось ад’едзе, ад’едзе, ад’едзе найлепшы мой сябр.

Мы спрачаліся разам, не лічыся, хто з нас старэйшы.
Адлюстроўваліся месяц і зоркі ў ціхай рацэ.
Мы чыталі адзін аднаму свае лепшыя вершы,
Адчувая далонью сваёй руку сябра ў руцэ.

Хутка хлопец ад’едзе далёка, далёка, далёка.
А жыцьцё ў сваім танцы ўскружыць і яго і мяне.
І я ведаю, будзе нялёгка, нялёгка, нялёгка
Адшукаць яму сябра сабе на чужой старане.

Я ў юнацтве, так сама, калісьці, пакінуў Радзіму.
А гады ўцякаюць ад нас, быццам тая вада.
Расставаньне з сябрамі, з бацькамі, з каханай дзяўчынаю,
Па асобнаму цяжка, а разам – дык гэта бяда.

Нам зрабіць, што ня хочаш, бывае цягчэй, чым памерці.
У адзіноце застаўшыся палезеш амаль на ражон.
У расставаньні таксама ёсьць трохі чагосьці ад сьмерці.
Вось і мы, разьвітаўшыся, трохі памерлі ўжо.

Разьвітаньне лагодна, калі ёсьць надзея сустрэцца.
А калі назаўсёды, яно, як якісьці кашмар.
Расставаньне з сябрам адабьецца ў мяне болем у сэрцы.
Вось ад’едзе, ад’едзе, ад’едзе найлепшы мой сябр.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Разьвітаньне - Уладзімір Гуткоўскі