Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Печаная бульба

Пазносіў я многа ламачча,
Вячэрні касцёр хоць куды!
Сусед мой, як рыцар з Ламанчы,
Наіўны, высокі, худы.

Агонь разгараецца буйна,
Забудзем трывогу і боль.
Частуйцеся печанай бульбай,
Вось добрая шэрая соль.

Ноч іскры маўкліва глытае,
А мы то маўчым,
То услых
Гаруем, што моладзь не тая,
Што шмат гультаёў маладых;

Што зніклі руплівасць, стараннасць
I гордасць за працу сваю.
Прыемны ім чад рэстаранны,
Там скачуць, і п’юць, і пяюць.

А мы іх адзелі, абулі,
Так-сяк, але вывелі ў свет…
Частуйцеся печанай бульбай,
Негаваркі мой сусед.

Пярэчыць мне:
“Не характэрна!
Патрэбен бацькоўскі давер.
Вось вырашым крызіс кватэрны,
I знікне уласніцкі сверб.

Патрэбна для моладзі лекцый,
Патрэбна іх сэрцы працяць”.
А лекцыі тыя ўлегцы
Фурманкай пустой тарахцяць…

У пекле акопным, у брудзе,
На вогненнай перадавой
Адважныя чыстыя людзі
Дзяцей засланілі сабой.

А гэтых мы самі расцілі,
Ёсць БАМ і была цаліна.
I ўсё-такі іх не хрысціла
Агнём і крывёю вайна…

Трывогу глыбока затоіш…
Пра што наша моладзь пяе?
Пра тое ж,
Пра тое ж,
Пра тое ж,
Што спаць маладым не дае.

I слухаць ім сумна пытанні,
Што мучаць салдатаў старых.
I хлопцы бягуць на спатканні
Да смелых сябровак сваіх…

А час па-ранейшаму бурны,
Ад войнаў уздрыгвае свет…
Частуйцеся печанай бульбай,
Мой добры сумленны сусед.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Печаная бульба - Пiмен Панчанка