Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Філфакаўка

Пёрка паяднанае з “чарнілкаю”, –
За радком радок. Аб чым? – сакрэт…
Можа быць карпенне над памылкамі,
Бо – філалагічны факультэт…

А магчыма, вестка аднакласніку:
Першы курс усё ж – і точыць сум…
І паспачуваў сусед дзяўчыне: “Ясненька…
Я палову гора паднясу…”

За шчаку, як школьніца, схапілася, –
Пальчыкі ў чарнільнай сіняве…
…Год за годам, – многае забылася,
А вось тое ў памяці жыве…

Пасівеў, аблысілася макаўка,
Перына жар-птушкі – у руцэ,
А ўваччу – усё яна, філфакаўка
З фіялетаваю плямкай на шчацэ…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Філфакаўка - Васіль Зуёнак