Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ля Вечнага агню

1.
Б’ецца, як сэрца, трапеча агонь.
Вецер цалуе, хвалюе яго.
Гэты вятрыска – дыханне палёў,
Што далятае з далёкіх гадоў.

Многае бачыцца ў Вечным агні.
Праведны гнеў і ласкавасць у ім.
Быццам Купальскае вогнішча ён, –
Мы ачышчаемся з гэтым агнём…

Нас азарае высокі агонь,
Нас бласлаўляе свяшчэнны агонь.
Як абярэг ад ліхога ўсяго,
Мы панясём з сабой водбліск яго.

2.
Ля Вечнага агню
Мы ўсе тут, як радня,
Сярод сяброў сваіх
Зноў памінаем іх,
Што з бітвы не прыйшлі, –
Ў зямельку паляглі.
І вось на белы свет
Цвятком агню ўзышлі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ля Вечнага агню - Станіслаў Валодзька