Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прыручэнне агню

Кінуты гаспадаром няўдзячным,
Ён памкнуўся быў за ім услед.
Доўга ў цемры бег, пакуль не ўбачыў,
Што ўжо не дагоніць, што аслеп.

Ледзь навобмацак прыпоўз у прысак
Каля прыдарожнае лазы,
У гарачы жвір уткнуўся пысай
I счарнелы прыкусіў язык.

I сканаў бы – спамінай як звалі,
I які быў верны ён, агонь,
Калі б гэтай ноччу не прысталі
Двое закаханых да яго.

Быццам пасля доўгае разлукі
Папрасілася да сябра на пастой, –
I, ласкавыя адчуўшы рукі,
Ён падскочыў, замахаў хвастом.

I такой пяшчотай і любоўю
Агарнула ўзлесак цішыня –
Родныя, жаданыя абое
Застануцца тут ажно да дня!

I з’ядналіся адным даверам –
Цемра са святлом, з душой душа…
Ціха спалі дрэвы ў змроку шэрым,
I ўздыхала сонная шаша.

Хто пра шчасце іх, траіх, раскажа?
He пытай ні ясень, ні сасну.
I агонь знябыўся, не заўважыў,
Як на досвітку і сам заснуў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Прыручэнне агню - Васіль Вітка