Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Песня пра каней

ПЕСНЯ ПРА КАНЕЙ
Ходзяць конi
Ў Панямоннi
Ля запруды, ля вады.
Я ў загане, як у загоне,
Ад навету, ад крыўды.

Ты нясi мяне, гняды,
Там, дзе воды Ясельды.
Ад нягоды, ад бяды,
Праз сядзiбы-гарады.

Ходзяць конi
Ў Панямоннi
Ля затокi, ля ракi.
Я ў праклёне, як у палоне,
У любiмай, у рукi.

Ты скачы, мой вараны,
Над Палотай, ля Дзвiны,
Ад нядолi, ад вайны,
Да каханай, да жаны.

Ходзяць конi
Ў Панямоннi
Ля патоку, ля бруi.
Я ў палоне, як у далонi,
У варожай, у зграi.

Ты ганi, буланы конь,
Да на Прыпяць, на Жэлонь,
Праз пажары, скрозь агонь,
Ад нападаў i пагонь.

Ходзяць конi
Ў Панямоннi
Ля крынiцы-ручая.
Забурлiла, як у бяздоннi,
Ты, рака кiпучая.

А з табою, мой дэраш,
Я пакiну свой шалаш,
З ножан выцягну палаш –
Ды на бой за Нёман наш!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Песня пра каней - Глеб Ганчароў