Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Хлопцы

Перадай, сасна, сасне –
Немцам будзе блага:
Не задрэмле, не засне
Партызанскі лагер.

Расшумеўся цёмны лес
Над маўклівым логам –
Ходзяць хлопцы па сяле,
Ходзяць па дарогах.

Сосны тут адна ў адну
Высяцца, як вежы, –
Не прайсці, не абмінуць
Немцу нашых сцежак.

Вее вецер на бары,
Сосны кучаравіць –
Не ўдасца немчуры
Ні адна аблава.

Навакол бароў – палі,
А праз поле сцежка.
Хочаш, фрыц, сяло спаліць –
Моцна апячэшся.

Зя палямі – сенажаць,
Пах стаіць мурожны.
Хоча немец не дрыжаць,
Хоча – ды не можа.

Вось і вёска на відку,
Каля хаты хата.
У вінтоўку – дзесяць куль,
За рамнём – гранаты.

Ловіць фрыц гусей ля хат,
Цягне фрыц падушкі –
Партызанскі аўтамат
Сочыць гнеўнай мушкай.

Як махне наш камандзір, –
Немцаў – быццам здула.
Колькі немцаў – столькі дзір
І расходу ў кулях.

Кожны раз, калі бяда,
Хлопцы абароняць –
Будуць немцаў аглядаць
Чорныя вароны.

І на захад і на ўсход
Ад Дняпра да Нёмна
Славіць хлопцаў наш народ,
Наша песня помніць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Хлопцы - Валянцін Таўлай