Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзьве кумы

ДЗЬВЕ КУМЫ

Ёсьць дзьве кумы. І іх са дна
Шпурнула хваля ўверх тугая.
– Я – прэзідэнт! – крычыць адна.
– А я – стваральніца! – другая.

Адна вярзе: ” Гуртую плынь!
Так шмат жадаючых напіцца!..”.
Другая крывіцца: ” Астынь!
Табе ўсё гэта толькі сьніцца…”.

Адна пяе: ” Я столькі год
Народу праўду гаварыла…”.
Другая гне: ” Які народ?!.
Вось я стварыла, дык стварыла!”.

Ўскіпае першая кума:
– Не ты! Не ты! Прызнацца здолей!
Між нас стваральніка няма…
– А прэзідэнта-дык тым болей!

Цябе-ж ніхто не абіраў.
Скажы адкрыта, самазванка,
Што за табой – ніякіх спраў!..
-А ты наглей любога танка!

І не было такіх пасад,
Куды-б не несла ты шкарпэтак.
А крок суціш, зірні назад,
Дык там – збаночак нейкіх кветак…

…Пакуль шумяць тут дзьве кумы,
Пакуль ім славы не хапае,
Давайце ўсё-ж заўважым мы,
Што праўда ў сварцы праступае.

Ды не яна патрэбна ім,
І не даверлівыя людзі,
А маскі, пудра, фарбы, грым,
Бляшанкі нейкія на грудзі.

-Я – прэзідэнт!- адна крычыць.
Другая штосьці ўсё стварае,
А я кажу: ” Пара лячыць.
Бо едуць дахі. Бог карае…”.

А кумкі ходзяць па зямлі,
Трасуць абшар хлусьлівым звонам…
…І не зьдзіўлюся я, калі
Хтось стане з іх Напалеонам.

Аўтар: Уладзімер Дзехцярук. З новых вершаў.
Эстонія, Йыхві, люты 2016-га года.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Дзьве кумы - Уладзімер Дзехцярук