Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Белавежская песня

Праз віхуры гадоў і стагоддзяў імжу –
Запаветам для нас край зубрыны, мядзьвежы.
Завітай да мяне – я табе пакажу
Камянецкую вежу на мяжы Белавежы.

Тут, як сведкі падзей і мінулых часоў,
У сівых курганах
Дрэмлюць продкавы душы –
Вартавыя зямлі і бясконцых лясоў –
Векавечных абшараў Белавежскае пушчы.

Ты надзей не губляй, мой зажураны край,
Аблачынкі ўгары – неба чуйныя вушы.
Мы пачуем, а ты на жалейцы зайграй
Тую песню святую Белавежскае пушчы.

Зразумеем тваю векавую журбу:
Цяжка ўзімку табе – у самоце, без птушак –
Знесці люты мароз, халадэчу-пургу.
Мы табе спачуваем, Белавежская пушча.

Вызваляйся хутчэй ад зімовых акоў
І крынічна ільдзінкі апошнія струшчы,
Бо знішчэнне снягоў – адпушчэнне грахоў
І адхланне не толькі Белавежскае пушчы.

На бярэзінах скрозь – галавешкі гракоў,
І пралескаў блакіт паглядае хітрушча.
Дачакалася зноў сваіх верных буслоў,
Развясняецца ў лета Белавежская пушча.

Не шкадуй васількоў для купальскіх вянкоў,
Не хавай таямніц, запаветная гушча.
Узрасці, узгадуй, як ад веку вякоў,
Нашу папараць-кветку, Белавежская пушча.

І спякотнай парой у крынічным гаі,
Дзе вірліва з зямлі б’е струменчык гаюча,
Жыватворнай вадой ты мой боль загаі,
Белавежская пушча, Белавежская пушча.

Прытаміўся хадзіць басанож па зямлі,
Каб не збіцца з дарог –
Адпачыць трошкі мушу.
Даматканым радном для мяне пасцялі
Верасовую пустку, Белавежская пушча.

Калыханку сваю хай мне птушкі спяюць.
Я прылягу спачыць –
Вочы ў стоме заплюшчу.
А калі назаўжды час прыспее заснуць,
Папрашу я прытулку Белавежскую пушчу.

Надвячорак прайшоў, сцежка блытае след.
Ноч па дрэвах паўзе пасмай чорнага плюшчу.
Ціхім шолахам зор прызнаецца Сусвет,
Што ўлюбёны бязмежна
Ў Белавежскую пушчу!..

Госцем будзеш у нас – паглядзі, не міні
І запомні, – калі ты, вядома, відушчы, –
Сілу нашых людзей, бо ідуць карані
На зямлі шматпакутнай з Белавежскае пушчы.

Адмыслова табе я адкрыю сакрэт:
Міф пра спіны кітоў не прымаю рашуча.
На магутных зубрах наш трымаецца свет,
А зуброў нам гадуе Белавежская пушча.

Пэўна, род наш пайшоў ад пароды зуброў,
Мо таму і народ атрымаўся жывучы.
А трываласць людзей – ад вячыстых дубоў,
Стойкіх волатаў нашай Белавежскае пушчы.

Аніколі яны і з калень не пілі,
І з уладнай рукі не падлізвалі тлушчу.
На свабоднай зямлі самавіта жылі,
Баранілі святое – Белавежскую пушчу.

Памяркоўнасць цябе
Хай не ўводзіць у зман –
Не змяняем сваё і на райскія кушчы.
Ранак новага дня атуляе туман,
За туманам –
Магутнасць Белавежскае пушчы.

Сустракаем гасцей мы, як шчырых сяброў,
А калі наляціць к нам сусед завідушчы,
Дасць прытулак заўжды для сваіх ваяроў
Белавежская пушча, Белавежская пушча.

Ля яе алтароў ачышчаю душу.
Ледзь прыкметнымі сцежкамі
Ў самую гушчу,
Да асілкаў-дубоў, на святую імшу
Спавядальна спяшаю ў Белавежскую пушчу.

Тут мой дом і мой храм, і скажу я сынам, –
У краіну сваю закаханы бязмежна, –
Каб на долю і лёс не пакрыўдзіцца нам,
Трэба жыць незалежна,
Як жыве Белавежа!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Белавежская песня - Георгій Ліхтаровіч