Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ГIМН ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА

Даволі стамляцца ў прыгоне,
Даволі марнець у журбе!
Пад сонцам свабоднай Пагоні
Падымем штандары свае.
Дармо мы шапталі малітвы,
Дармо вы хацелі вайны!
Iдуць на апошнюю бітву
Вялікага Княства сыны.

Паўстанем за свабоду, брацце!
Узнімемся на люты бой!
Няхай святоўнае распяцце
Вядзе да волі за сабой!

Мы доўга пакорна трывалі
Ад вашых прытворных даброт,
Ды раптам узнесліся хвалі –
На бітву ўсхапіўся народ!
Абрыдла яму невідушчым
Канаць у гнілы драбназём.
З кутоў Белавежскае пушчы
Мы шэрагам шчыльным ідзём!

Паўстанем за свабоду, брацце!
Узнімемся на люты бой!
Няхай святоўнае распяцце
Вядзе да волі за сабой!

I з кожным упэўненым крокам
Мацнее наш палкі парыў
На зло баязлівым прарокам,
Двудушных ханжэй супраціў!
Падобна да бурнай лавіны
Мы знішчым варожы хаўрус.
Вы чуеце покліч, ліцвіны?
Наперад, за Белую Русь!

Паўстанем за свабоду, брацце!
Узнімемся на люты бой!
Няхай святоўнае распяцце
Вядзе да волі за сабой!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ГIМН ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА - Глеб Ганчароў