Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш 7 лістапада 1966 года

Упершыню Кастрычніцкае свята
Я сустракаю тут,
Дзе для мяне бальнічная палата
Горш, чым астрожны кут.

Адгэтуль выйсце мне закратавала
Хвароба – мой жандар,
Знясіленае цела прыкавала
Да ложка, як да нар.

Зняволення расклад для вязня строгі –
Не варухнуцца мне,
Дранцвеюць ногі, цёплы пыл дарогі
Іх грэе толькі ў сне.

Ды пагарджае ўладай неадступных,
Скаваўшых цела страт,
Душа – былых гадоў, гадоў наступных
Няўпынны дэманстрант.

Яе да месца прыкаваць не здольны
Пакуты ланцугі,
Яна ляціць, ляціць, як вецер вольны,
Да вас, да вас, сцягі!

Яна – той самай буры парыванне,
Што ў свет вы несяцё.
На волі – вы, я тут вяду змаганне
Са смерцю, за жыццё.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш 7 лістапада 1966 года - Аркадзь Куляшоў