Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Жнівень сорак пятага года

Праз папялішчы,
Па колкім іржышчы
Да нашай вёскі ішоў нясмела
Спраўляць зажынкі
Жнівень зжаўцелы.

З галадухі і ён спатыкаўся,
Сляпы.
Лісты-пахаванкі нёс,
Нёс і снапы.

– Гэта табе, цётка Арына,
За сына…

– Гэта табе, дзядзька Яўтух,
За малодшых двух.

– Гэта табе, дзед Атрох,
За трох…

– А табе, Адарка,
Ці ж я вінават,
Прынёс табе, Адарка,
Чорны лістапад.
Што паробіш, гаротка,
Вайна, вайна…
Засталася Адарка,
Ты, як палец, адна…

Хаця перамога
Ускаласіла –
Вёска стагнала
I галасіла.

Бегалі дзеці.
I, як нейкае дзіва,
Зярняты ў прыгаршчах
Трымалі шчасліва.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Жнівень сорак пятага года - Анатоль Грачанікаў