Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш З самай раніцы абход пачне

З самай раніцы абход пачне –
I па Віленскай і Падніколлі.
Кажуць, быў кантужан на вайне,
I таму вось штосьці з ім такое.

Лістапад ці нават снегапад –
Тыя ж боты і кашуля тая.
I, хаця даўно ён не салдат,
Па-салдацку кожнага вітае.

Крочыць, не схіліўшы галавы,
Пасівелай, стрыжанай, вялікай.
Не крыўдуе, што чамусьці вы
Ані слова – хоць бы для прыліку.

Памяць доўга памірала ў ім,
Не пакінула ні крыўд, ні злосці.
Прывітанне, прывітанне ўсім –
Гэта ўсё, што ўменню засталося.

I зусім маўклівыя прад ім
Дрэвы, неба, галубы і лужыны.
Прывітанне, прывітанне ўсім –
Нібы ў сонца ён цяпер на службе.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш З самай раніцы абход пачне - Аляксей Пысін