Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Добрай раніцы, радасць мілая

Добрай раніцы, радасць мілая.
У вяргінях старэнькі дом.
Мамка ў хату ідзе шчаслівая.
Пахне ранак парным малаком.

А на плоце збаночкі ўзорныя
Раскрылі засмяглы рот.
Чакаюць напою зорнага –
А па іх скача жэўжыкам кот.

Мальвінкі, язябла-росныя,
У міні-спаднічках шэпшуцца
Пра васілёчкаў, што босыя
За плотам зарою цешацца.

Парыпваюць дзьверы галодныя –
Відаць, іх даўно не мазалі.
Ці каровы спрасоння маркотныя
Іх точаць рагамі, як шашалі.

Рыпяць жураўлі над студнямі –
П’юць прахалоду раніцы.
А ў цётак, з вясковымі буднямі,
Шчокі ад печаў румяняцца.

Дзянніца ж – дачка Дажбогава –
Светлай радасцю шчодрыцца, ясніцца.
Белых коней – святых – Сварогавых
Выпускае ў нябёсах пасвіцца.

2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Добрай раніцы, радасць мілая - Ніна Аксёнчык