Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Патрыятычная песня (паэма)

I

Быў гэты дзень для нас усіх адметны!
Змывала даль начную сіняву,
А купал неба, залаты і медны,
Зваліўся у бяздонную Няву.

Гулі гудкі, лавілі рэха аркі.
I ўсё ж была такая цішыня,
Што чуўся за вярсту ад сініх паркаў
Патрабавальны голас птушанят.

Спяшаліся на працу ленінградцы,
I помнікі іскрыліся расой…
Прабачце мне, цудоўныя палацы,
Не вашай любаваўся я красой.

Я ў гэты ранак моўчкі пакланіцца
Прыйшоў табе, бяссмертны Ленінград,
Ад нашых ніў, і пушчаў, і крыніцаў:
Ты – першы рэвалюцыі салдат.

Прастор Нявы, масты, і шпіль, і Зімні,
I кожны мур, і кожны камень твой
Гучаць у сэрцы, нібы словы ў гімне,
З якім бацькі выходзілі на бой.

Я не магу адплыць у шлях далёкі,
Пакуль душой не прыпаду ізноў
Да тых крыніц, да тых святых вытокаў,
Што успаілі племя змагароў.

Не будзе мне ні праўды, ні натхнення,
Пакуль я не прайду па месцах тых,
Дзе жыў, тварыў, гарэў наш светлы Ленін,
Каб разагнаць стагоддзяў змрок густы.

Гляджу з-пад крылляў аркі я на плошчу:
Вось тут каціўся грозны вал людзей.
I ў сэрца б’е далёкі стрэлаў пошчак,
I плошчай Рэвалюцыя ідзе.

I я ўжо шчодра тым узнагароджан,
Да смерці буду гэтым даражыць,
Што быў я у Семнаццатым народжан
I ў новым свеце стаў адразу жыць.

Хваліцца гэтым права я не маю.
Даруй, Радзіма, ды ў сваім жыцці
Сябе тваёй галінкай адчуваю,
Якой на іншым дрэве не расці.

I па якіх дарогах ні паеду,
I па якіх марах ні паплыву,
I дзе ні прыпынюся, – маці, ведай:
Тваім жыццём, табой адной жыву.

I, можа, нейкім землям непагодным,
Забраўшы ў сэрца ўсю тваю красу,
Я з полымя Семнаццатага года
Хоць іскарку малую занясу.

II

Не з восеньскай нуды і не з адчаю,
З адкрытым сэрцам, з радаснай душой
Апоўначы на захад я адчаліў.
Бывай на час, любімы горад мой!

Апошні раз зірнуў руплівым вокам
На нас маяк кранштацкі і пагас.
Я ў гэты час адчуў, што дзесь далёка
Успомніў нехта добрым словам нас.

Прабег па сэрцы і па кожнай жылцы
Салодкі і журботны вецярок…
Я сёння не збіраюся лажыцца,
А буду піць вятроў салёных сок.

Прыладзіўся, расчулены і смешны,
Ля якара тайком ад дружбакоў…
Вось так і распачаў свой рэйс замежны
Нашчадак беларускіх батракоў.

Са мной такіх, як я, семсот ці болей
На “Грузіі”.
I многім не заснуць…
Я крышачку злуюся мімаволі,
Што нас цяпер турыстамі завуць.

Я вывучаў Еўропу не турыстам,
Ратуючы яе, ішоў на смерць,
Поўз па гразі, на кручах камяністых,
Каб на зямлі сяброў сумленных мець.

Каб мірным днём краіны іх адведаць,
I ў госці запрасіць, і падружыць.
Мы не турысты.
Мы цяпер паўпрэды
Сваёй зямлі, дзе хораша так жыць.

Мы ўнукам будзем некалі расказваць,
Якой радзіма шчодраю была,
Як цеплаход з такою цёплай назвай
Для вандравання нашага дала.

Дык дзякуй вам за чэсць і падарунак,
Мая радзіма. мудры мой народ!
Шуміць заліў.
На Хельсінкі кірунак
Трымае белагруды цеплаход.

III

Ён зноў ажыў, той незабыўны вобраз:
Вакзал Фінляндскі.
Ленін.
Бранявік…
Зялёная Фінляндыя, дзень добры!
Прывет табе ад Волгі і Нявы.

Наш цеплаход да самага прычала,
Шум перакрыўшы стомленых вінтоў,
Суправаджаў эскорт крыклівых чаек.
Мы ў Хельсінкі.
На беразе – натоўп.

Хто выдумаў, што тут народ суровы?
Плячыстыя асілкі і жанкі
Сустрэлі нас сяброўскім шчырым словам
I поціскам мазолістай рукі.

Няхай там нейкі тып і глянуў коса
На нас, на наш чырвоны горды сцяг,
Мы зналі ўжо: не ён галоўны козыр
I не ў яго мы сёння у гасцях.

Адменных вуліц, плошчаў тут нямала,
I кветнікаў, і вечна свежых рос.
Змяшаліся азёры, сосны, скалы
З праспектамі і плошчамі тут скрозь.

Якія трэба мужныя мець сэрцы,
Каб, процьмаю пагардзіўшы пакут,
Мільёны скал рукамі перацерці
I загадаць садам: “Цвіціце тут!”

Я гадаваўся ў пушчах паміж багнаў,
Я помню, як нас біў калісь няўрод.
Такі ж і ў нас, як тут, да працы прагны,
Хоць з іншай, лепшай, доляю, народ.

Не мог я з гэтым краем не сустрэцца!
Зямлі я фінскай пакланіцца рад,
Бо Ленін з рэвалюцыяй у сэрцы
З Фінляндыі прыехаў ў Петраград.

Змяркалася.
Дажджу густую сетку
Накінуў вечар на муры…
Пара!
Да пабачэння, добрая суседка!
Жыві спакойна: побач Ленінград.

IV

Ад нуднай гайданкі слабейшыя скіслі.
I раптам прад намі так мірна пралёг
Канал нешырокі, па імені Кільскі:
Направа – дуброва, налева – лог.

Ён здаўся будзённым такім і звычайным
(Мы селі недзе нават на мель).
Абапал палеткі дагледжаны дбайна,
Маленькія хаткі загорнуты ў хмель.

Паважна плывуць караблі нам насустрач.
Махае дзятва з-пад нямецкіх ракіт.
То катэр замурзаны выскача шустра,
То танкер цяжкі праплыве, нібы кіт.

На ціхія сёлы глядзім і на гоні –
Зямля, нібы ў нас на Палессі, і люд,
Відаць, працавіты.
Забыўшы аб Боне,
Ён часта нам шле свой нямецкі салют.

Не хочацца кратаць нічога старога,
I я расклейваюся пакрысе…
Наперадзе ўзняўся выразна і строга
Агромністы мост у жалезнай красе.

I раптам заснежыла, замільгацела –
Віхура лістовак зляцела на нас.
Шаблонная подласць! Усё зразумела:
На фронце мы бачылі гэта не раз.

Ахоўнікі жлукцяць на беразе піва, –
Як слаба ахоўваюць немцы масты!
А з моста нягоднік крычаў нешта кпліва,
Паказваў пальцам кудысь за кусты.

Здавалася, рукі паветра пэцкалі:
Крыўляўся, як дурань, і нешта плявузгаў.
Ён блытаў англійскія словы з нямецкімі
I толькі лаяўся ўсё ж па-руску.

Адкуль узялося такое страшыдла?
Няўжо ён радзіўся на нашай зямлі?
Вось лёс адшчапенцаў,
Вось здраднікаў шыльда,
Праклён і гора нечай сям’і.

Чым здраднікам быць – лепш у муках памерці!
Працялі наскрозь нас пагарда і гнеў.
За борт мы шпурлялі агіднае смецце,
I мутны канал яшчэ больш памутнеў.

V

Не, не для нас такі гнілы тавар!
Плывём далей каналам.
Вось і прыстань…
Мы з немцамі стаім да твару твар,
А выйсці нельга: страшныя турысты!

Ля бара грузчыкі маўкліва піва п’юць
I нешта думаюць.
А дзеці, дзеці, дзеці
Вітаюць нас, смяюцца і пяюць,
На цеплаход не могуць наглядзецца.

Маскоўскія цукеркі ім даём,
Паліцыянт глядзіць галодным воўкам…
А хто там, каля бара?
Гэта ён:
Бялёсы чуб, рубец пад левым вокам.

Я тут не памыліўся: гэта ён!
Трынаццаць год прайшло… I вось сустрэў я…
Ганс Апенкранц, я ўзяў цябе ў палон
Пад Оршаю, і ты чакаў расстрэлу.

А мы цябе не расстралялі, не,
Не з ласкаю, а ўсё-ткі накармілі.
I ты, разгублены, шаптаў: “Капут вайне”
I плакаў ноччу аб радзіме мілай.

Чаму ж не сустракаеш ты мяне,
Як госця?
Хто замкнуў твой рот, твой голас?
Ну, што ж, давай маўкліва аб вайне
Пагутарым, салдат мой невясёлы.

Табе пашанцавала, што сустрэў
Тады ты нас.
Цяпер падумай смела,
Што будзе, як на твой гарматны стрэл
Сто нашых адзавецца гнеўных стрэлаў?

Тады ўжо позна будзе разважаць:
Ні на усход дарог і ні на захад.
I будуць гарады твае ляжаць,
Счарнелыя ад атамнага жаху.

Я не хачу цябе палохаць, не,
Ды недзе тут вось атамшчыкі лазяць.
Абодвум нам, гібеўшым на вайне,
На д’ябла нам вайна ізноў здалася!

Як хораша, што лён тваіх валос
Не схованы ад сонца чорнай каскай.
Не атамныя бомбы я прывёз,
У сэрца глянь – там шмат людское ласкі.

Я паглядзець хацеў твой родны край,
Аб ім – ты помніш? – плакаў і журыўся;
Я расказаць хацеў – пра рай не рай –
Пра свой народ, што з шчасцем падружыўся.

Пра гарады, што цвёрда зноў стаяць,
Пра нашы нівы, зноўку залатыя;
Што сорак год мне стукнула, што я
Дачку і сына маю.
Ну, а ты як?

Не мне вастрыць на чалавека нож,
Мы ж крэўныя браты з табой па працы…
Чаму ж маўчыш?
Глянь: надыходзіць ноч…
Спакойнай ночы, калі будзе спацца!

VI

Паўночнае мора сустрэла нас штормам.
Наўкол пацямнела, вятры загулі.
I гэты марскі анархічны прастор мы,
Прызнацца, са смакам паціху клялі.

Мы скромна зашыліся ў нашы каюты,
I тут падышоў мемуарны настрой –
Пра ўсё ўспаміналі, спрачаліся люта,
За нейкую справу стаялі гарой.

І што гэта ў нас за шалёны характар –
Тут мора хістае, тут бура і змрок,
А мы, як на сходзе: і спрэчкі, і факты,
I порцыя крытыкі, і рагаток.

Каюта гайдалася, быццам калыска,
I нешта скрыпела, і нешта раўло…
Мы фота вымалі далёкіх ды блізкіх
I рады былі, што іх тут не было.

Нарэшце… Хвала табе, радыёвузел!
У грудзях салодкі варушыцца ком…
Пятро, то табе пад заказ “Ой, у лузе…”,
Георгі, а гэта табе “Суліко”.

Ну, а вы, мае дзе, песні,
Мой палескі вецярок?
У каюце нашай цеснай
Зазвінеў мой “Чабарок”.

Я гляджу ў ілюмінатар,
Там ні хваляў, ні вятроў…
Бачу поле, бачу хаты,
Чую родны шум бароў.

Залатая, дарагая,
Дай хутчэй сваю руку!
Пабяжым з табою гаем
Мы на Свіслач на раку.

Мёдам свежым пахнуць росы,
Вецер гладзіць трыснікі.
Хай Андрэйка ходзіць босы
Па-над рэчкай ля ракіт.

Чабарок мой, чабарок,
Кепска любую бярог.
Мог бы лепш у роднай хаце
Даглядаць старую маці.

Кепска слухаў гоман соснаў,
Рэдка нюхаў пах раллі,
Не паспеў з-за сходаў розных
Нахадзіцца па зямлі…

Колькі плыць нам – невядома…
Вей, мой родны вецярок!
За здароўе тых, хто дома!
Чабарок мой, чабарок…

VII

Як хораша жыць пасля шторму і песень!
Свяці, дружа сонца, і больш не хітруй!
Як пнёў на выгарах, як сосен у лесе,
У порце антверпенскім мачтаў і труб.

Дыхнула жалезам і вугалем Бельгія,
Гандлёвы, купецкі наўкол краявід.
“Знаёмства з Бельгіяй будзе ў нас беглае”, –
Запэўніў бадзёра ў аўтобусе гід.

Ад гэтага нам не вялікая радасць.
Чаму нас баяцца, шаноўны, скажы?
Мы ж ладзіць не будзем у вас барыкады,
I факт: у зубах не трымаем нажы.

Не будзем тут весці ні спрэчак, ні гандлю.
Нам толькі б паехаць да фабрык ды сёл.
Гід хітра смяецца: “Вы ўсе – прапаганда.
Прашу вас, панове, ў наступны касцёл”.

Ітак, мы паны…
Гэта сказана слушна:
Багатай сваёй мы зямлі ўладары
I будзем такімі навек, непарушна,
А панства тутэйшае так, да пары…

Нямала прыгожага ў гэтай краіне –
Я ў доме у Рубенса быў у гасцях.
Я слухаў малінавы звон у Маліне,
На Фландрыі любаваўся прасцяг.

I мне спадабаўся парадак той строгі
I крышачку пышны убор гарадоў;
Хваліў чысціню, магазіны, дарогі,
I розум вучоных, і рукі майстроў.

Здалася ты, Бельгія, сытай, памытай,
Тут выгляд музеяў і паркаў прыгож.
Як кажуць, у сэнсе парадку і быту
Тут моцна заклёпана, добра.
I ўсё ж…

Я быў у музеі Бельгійскага Конга:
Сланы, бегемоты, свінец і уран…
Ды ўдарыла ў сэрца прарэзлівым гонгам
Ты, Чорная Афрыка, ўзвыўшы ад ран.

Я, моцна ўлюбёны ў Радзіму і волю,
Хачу сёння Бельгію гнеўна спытаць:
А хто табе Конга прысвоіць дазволіў
I імя сваё, не спытаўшы, надаць?

Дванаццаць мільёнаў зацкованых неграў
Не маюць радзімы.
А хто адабраў?
А колькі у шахтах атрутных палегла,
Каб нейкім тузам больш прыпала дабра!

Заглушаны джунглямі выстралы карных
Атрадаў,
I трупы ляжаць там капцом…
I я зразумеў тут нянавісць Верхарна
Да прагных банкіраў і хіжных купцоў.

Бельгійцы, вы выстаўку ладзіце:
Атам
Шарамі сталёвымі ўзняўся да зор.
Прагрэс чалавецтва!
А вашы салдаты
Страляюць у неграў бяздольных ва ўпор.

Народ паднявольны узнімецца грозна:
Убачыў я ў люстры бліскучых шароў
Іх чорныя слёзы,
Іх светлую кроў…

Гандлююць уранам
Бельгійскія гранды,
Тлусцеюць да часу.
Ды кажа народ:
Жыве яшчэ Ціль Уленшпігель у Фландрыі!
Напэўна, ён чуў пра Семнаццаты год.

VIII

Мінаюць дні.
То сонечна, то хмарна.
Наперадзе ў нас Францыя, Парыж.
I я зманю, калі скажу: не марыў
Пра гэты горад з даўняе пары.

Здаецца, ён з маленства мне знаёмы,
I казачны, і велічны такі.
Яго сыны змагаліся за Нёман
I паміралі моўчкі у макі…

Я зноўку ноч не спаў ад хвалявання,
Перабіраў любімых шмат імён…
Імчыцца поезд.
Сонечнае ранне.
I вось, нарэшце, разгарнуўся Ён!

Раскінуўся ты, бэзавы і чорны,
Падпёршы вежай сіні небасхіл,
Спрадвеку трапяткі і непакорны,
I стомлены, і поўны свежых сіл.

Табе пра гэта столькі ўжо казалі
Шмат розных улюбёных дзівакоў,
Што ты зусім папросту на вакзале
Сустрэў і на бульвары нас павёў…

За трое сутак змалаціў я ногі,
Хваліў бы лепш, ды, знаць, не ўмею лепш;
Збіў туфлі аб музейныя парогі,
Ад розных цудаў ледзьве не аслеп.

Так, класікі старыя не хлусілі:
Усё на месцы – Луўр і Нотр-Дам.
Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле
Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам.

Мне пра цябе дачка сыграе Таня
У родным Мінску,
I, відаць, не раз
Я згадваць буду цёмныя каштаны
I ўспамінаць, сябры мае, пра вас…

Я ездзіў ад Манмартра да Версаля,
Глядзеў, марнеў, зусім нядужым стаў.
Каб з Рэнуарам зноў пабыць у зале,
Я Мулен-руж старанна абмінаў…

Я гаварыць не буду аб Алжыры,
Дзе сцелецца забойцаў дымны след;
Я ўспамінаць не буду аб ілжывых
Старонках розных кніжак і газет;

Не буду бічаваць амерыканцаў,
Здзіўляцца бессаромнасці афіш;
Да Шпейдэля не буду дакранацца,
Каб ран тваіх не растраўляць, Парыж.

Ты сам пра ўсё, пра ўсё дакладней знаеш
I не адным агнём рэклам гарыш,
Бо імем Сталінграда называеш
I вуліцу, і плошчу, мой Парыж!

I я адчуў любоў тваю і мары.
Журбу і славу вечную тваю…
Каля Сцяны бяссмертных Камунараў,
Усклаўшы кветкі, ціха я стаю.

IX

Караблі, караблі,
Вы будзеце часта мне сніцца,
Як сняцца суніцы,
Як сняцца суніцы,
Што росы світальныя п’юць.
Паспрыялі вы мне
З прасторам марскім парадніцца
I з хвалямі падружыцца,
Што ў барты часам ярасна б’юць…

Мы плывём і плывём
Атлантычным старым акіянам.
Адпрасованы хвалі.
Раўнюткія воды ды ціш.
На бязмежным блакіце –
Залітыя срэбрам паляны…
Карабель мой крылаты,
Куды ты, куды ты ляціш?

Нада мною аблок
Залатыя і белыя копы.
Хто іх толькі прыдумаў,
А можа, я сам іх стварыў?
Праляцела усё:
Маладосць,
Заляцанні,
Акопы…
Што са мною такое?
Няўжо я раблюся старым?

Спадзяваюся менш
I лягчэй пераношу няўдачы…
Акіян, што ты робіш са мной?
Гэта, пэўна, твой жарт.
Дзень яшчэ прыгажосці такой,
I я, пэўна, памру ці заплачу…
Стоп!
Душу раз’ядаць
Пачала сентыментаў іржа.

Што, ты вечна такі,
Як анёлак версальскі,
Рахманы?
У цябе ж шырыня! –
Нават вокам ахопіш ледзь-ледзь
Тваё гордае імя
З разбойнай сям’і атаманы
Прышпілілі да пакта.
Як мог ты такое сцярпець?!

Ты, мажліва, забыў,
Як ірваліся чорныя міны,
Захлыналіся людзі.
У бездань ішлі караблі?
Ты вазьмі сабе новае імя:
Праменны ці Мірны,
Каб ні бомбы, ні міны
Не грукалі тут, не раўлі…

Перасеклі спакойны
I ціхі надзіва
Біскайскі.
Я забыў падлічыць,
Колькі ў водах патонула дзён.
З акіянскага дна
Усплывае зямля, нібы з казкі,
Злева – бераг Еўропы,
Справа – Афрыкі бераг відзён.

Я крычу: кантыненты,
Нянавісцю воды не пеньце!
Працягніце адзін да другога
Вы рукі мастоў,
Каб ішлі да арабаў
Без танкаў, без куль еўрапейцы,
Каб арабы без крыўды
У Еўропу ішлі да братоў.

X

Згубіўся удалечы Афрыкі след,
Развеяўся цень Гібралтара…
Я раптам пачуў перастук кастаньет
I звон задуменны гітары.

Мо гэта трызненне світальнай пары?
Балюча мне стала і горка,
I зорка над мачтай трывожна гарыць.
Дык гэта ж адклікнуўся Лорка!

Аснежныя пікі у далях гараць.
Вось там дзесь, за Сьера-Невадай,
Любіў Федэрыка спяваць і іграць
На радасць вясёлай Гранады.

Зазнаў у жыцці ён і шчасця, і мук,
Для песні і подзвігу выспеў.
Тут сэрца здалося аднойчы яму
Забытаю ўдалечы выспай.

Нялёгка змагацца народу, калі
Ён песняй жывой не сагрэты.
Жыве яшчэ многа падлюг на зямлі,
А гінуць такія паэты.

З фашысцкае ласкі ў Іспаніі шмат
Жалеза герояў пасекла.
I турмы па сёння з байцамі брыгад
Стаяць філіяламі пекла.

Навек ты засыпан сухою зямлёй,
А песня жыве твая, Лорка,
Б’е ў сэрцы і кліча іспанцаў на бой,
Палае трывожнаю зоркай.

XI

Знік даўно у хвалях край іспанскі,
Прыплылі ў Неапаль начаваць.
Толькі песень неапалітанскіх
Штосьці над залівам не чуваць.

Пахне апельсінамі і нафтай,
Караблям сігналы шле маяк.
Крэйсеры, відаць, па плану НАТА,
Побач насцярожана стаяць.

Аганькі бягуць высока ў горы.
Вар’яцеюць радугі рэклам…
Пойдзем, хлопцы, паглядзім на горад,
Па кіно даўно знаёмы нам.

Кажуць, гэта рай для мільянераў,
Перад імі нам не пасаваць.
Раздражняць не будзем іх мы нервы,
Ёсць каму тут ім настрой псаваць…

Гарыбальдзі.
Магазінаў проза.
Шумныя натоўпы навакол.
I шалёна нейкія матросы
У таверне скачуць рок-н-рол.

Ад вітрын, ад д’ябальскага гулу,
Ад шумлівых п’яных маракоў
Скіравалі ў вузкі мы завулак,
Пахне дзе жыццём і часнаком.

Крочым, так сказаць, глыбакадумна:
Не для ўсіх прыпас Неапаль рай.
Раптам хлапчукі чародкай тлумнай
Акружылі нас і просяць: дай!

А з пад’езда нейкага з дакорам
Пазіраў стары і моршчыў лоб,
I яму было – я бачыў – сорам
За дзяцей неапальскіх трушчоб.

Мілая Італія, павер мне,
Я цябе абразіць не хацеў.
Я твой друг, спагадлівы і верны,
Разумею гонар твой і гнеў.

Па другіх турыстах нас не мерце:
Я ў маленстве сам недаядаў.
Што там ліры!
Я, здаецца б, сэрца
Па кавалку хлопчыкам раздаў.

Каб раслі вось гэтыя сеньёры
Змалку не з працягнутай рукой;
Каб трушчобы зніклі,
Каб над морам
Песні ў шчасці пеў Неапаль твой.

XII

Палюбіў я ружовы Неапаль,
Пахнуць сонцам яго сады.
Болей, чым да рымскага папы,
Пілігрымаў плыве сюды.

Колькі выла за ранак сірэн тут,
Колькі новых сцягоў прыплыло.
Ад Неапаля да Сарэнта
Мора шоўкам блакітным лягло.

Сёння ў Капры плывём на адведкі.
Як па масле, ідзе параход.
Чарнавокія нашы суседкі –
Малады і прыгожы народ.

Італьянскія словы вучылі,
Каб з дзяўчатамі пагаварыць.
Пелі дружна мы “Санта Лючыю”,
“Падмаскоўныя вечары”.

Капры, Капры, паўднёвая казка,
Буйнавокі цяжкі вінаград.
Безлімітнаю сонечнай ласкай
Кожны камень сагрэты і сад.

Гэты слаўны куток стаў нам дораг
З той далёкай часіны, калі
У затканыя сонцам прасторы
Буравеснік глядзеў са скалы.

Вось у гэтай чырвонай віле
Голас Горкага чуўся не раз.
З Ільічом тут яны гаманілі
Мо пра будучыню і пра нас…

Абхадзілі, аблазілі Капры,
Не стаміліся надта, але
Мы “кіянці” глынулі па каплі
З рыбаком на гарачай скале.

Для рабочых бы тут санаторыі!
Усміхнуўся рыбак, пацішэў:
– Тут жывуць, браце, тыя, каторыя… –
I паляпаў пустую кішэнь…

Ён не кратаў чужыя сакрэты,
Гаварыў больш пра мора і рыб.
Звонка цокалі коні,
Карэты
Везлі некуды нейкіх старых.

Далікатна пра гэта мы змоўчым:
Лепш не лезці ў чужы агарод…
Рыбаковы сумленныя вочы
Схаладзелі на міг, нібы лёд.

Не забуду братэрскі я поціск
Загрубелых прасоленых рук,
Што натрудзіліся на спякоце…
Будзь здароў, італьянскі наш друг!

Хай табуніцца рыба ў сетцы,
Хай не ведае гора твой дом!
Рыбаку каля самага сэрца
Прышпіліў я значок з Ільічом.

XIII

Да смерці прыеліся храмы, касцёлы
I нават краса чарнавокіх мадонн…
I здаўся мне, Рым, ты старым, невясёлым
Другі гаспадар, знаць, патрэбен у дом.

Такі гаспадар, што умее жалеза
Слухмяным рабіць і сады гадаваць.
Заморская шваль да яго не палезла б,
Не стаў бы радзімай такі гандляваць.

З такім мне хацелася б выйсці у мора,
I сеці закінуць, і песню запець…
Ад пышных касцёлаў зрабіўся я хворым
Звініць у вушах езуіцкая медзь.

Саборы збудованы хітра і з толкам:
I ловяць, і страшаць, і глушаць цябе…
Я бачыў цябе, рымскі папа, ды толькі
Размовы не вёў.
Дык дазволь хоць цяпер.

Дымяць у Неапалі крэйсераў трубы,
I сцяг паласаты калышуць вятры.
Ляжаць у Пампеях каменныя трупы,
Адрытыя там ля падножжа гары.

Чаму ж ты свайму не памолішся богу
(Дый сам ты святы),
Адкажы мне: чаму
Вайне не папросіш адрэзаць дарогу
I скінуць з Італіі мулкі хамут?

Везувій маўчыць, не дыміцца: стары ён,
Яму надакучыла выбухаў муць.
А хто ж тваю паству і Рым твой адрые,
Калі з Вашынгтона віхуры падзьмуць?

…Матросы з Расіі калісьці Месіну,
Адкінуўшы страх, ратавалі з бяды.
I сёння з надзеяй глядзяць на Расію,
На нашу радзіму усе гарады.

XIV

Я не магу мінуць Элады –
Пачатак міфаў, спрэчак, дум.
I – хай нам рады ці не рады –
Я на Акропаль узыду.

Не страшны нам лінкораў жэрлы,
Што дзядзька Сэм навёў і тут.
Прастор, ад сонца парыжэлы,
Яшчэ напіша свой статут.

Цывілізацыі калыска,
Гекзаметраў густы настой!
Антычны свет – а нам ён блізкі
Сваёю мудрай прастатой.

Руіны, храмы… Белы мармур
Аж вочы слепіць яснатой.
I крыўдна мне, што часта варвар
Сюды прыходзіў на пастой.

Сцвярджаю, як бывалы дэрвіш,
Музеяў многіх змёўшы пыл:
Твае бяссмертныя шэдэўры
Хто ўкраў, хто вымаг, хто купіў.

Але гісторыю не сцерці
I горы гэтыя не зрыць!
Акропаль, як само бяссмерце,
Бялее на крутой гары.

I слава грэкаў не памерла
Ні пад пятлёй, ні пад свінцом.
I песні новаму Гамеру
Пець пра эладаўскіх байцоў.

Хоць не яны Эладай правяць, –
Іх подзвігаў не затаіць.
I на Акропалі у славе
Сцяг вольнай Грэцыі стаіць.

Мы аддаем пашану сцягу,
Што Глезас некалі узняў.
Мы сцяг свой неслі да рэйхстага,
Каб ён на цэлы свет палаў.

О, як мне ненавісны тыя,
Што ўмеюць подзвіг забываць
І, растаптаўшы ўсе святыні,
Сваіх паэтаў забіваць.

Вядзі, блакітная дарога,
Хутчэй дамоў: мне душна тут!
Як на планеце нашай многа
Несправядлівасці, пакут.

Радзіма наша, песня наша,
Мой боль і сон мой залаты,
Цывілізацыі інакшай
Калыскай стала сёння ты!

Я знаю: будзе ўсюды шчасце,
Калі праклён спрадвечны свой
Народы скінуць, каб прыпасці
Да праўды Леніна святой.

XV

Вось і ўсё. Канчаецца дарога,
Я Еўропу шчыра ўсю абняў.
Разглядаў і строга і не строга,
Як-ніяк, а з ёю мы радня.

Еўрапейцы мы і азіяты.
Людзі мы.
Зямлі працаўнікі.
Запрасілі ўсіх братоў на свята
Мы,
Хто ўчора быў нічым, нікім.

Я мацней абняць Еўропу марыў,
Ды абдзёр крыху свае бакі
Аб клыкі гармат у Гібралтары,
Аб чыесьці злосныя штыкі.

Я ўставаў усюды раным-рана,
Каб пачуць, чым дыхае зямля,
Ды мяне ахоўвалі старанна
Шпікі, як якога караля.

Я хацеў зірнуць глыбей у вочы,
Свет стары хоць крыху зразумець;
Ды, сустрэўшы нечы погляд воўчы,
Вырашыў: лепш справы з ім не мець!

Пад канец пабыў і на Басфоры –
Салдатні там густа, проста жах;
I кладзе да латкі латку гора
На крутых турэцкіх берагах…

Вось і разгарнулася прасторная
Свежая зялёная вада.
I зусім, зусім яно не Чорнае,
Наша мора – песенная даль.

Дыхаю і не магу надыхацца,
Смешна, а здаецца, далібог,
Быццам нам, як з пекла нейкім выхадцам,
На зямлю сысці дазволіў бог.

Я гляджу і не магу нагледзецца
(Што з таго, што ноч і змрок густы!)
На цябе, Вялікая Мядзведзіца,
На цябе, мой месяц залаты.

Чорным морам не магу нацешыцца
I сяброў вясёлы чую смех.
Вось па гэтай серабрыстай сцежачцы
Ўзяў бы і пабег, пабег, пабег…

Новы дзень над морам разгараецца,
Засінелі ў далях берагі.
Сэрца з клеткі проста вырываецца…
Край Савецкі, край мой дарагі!

Вочы, ад сустрэчы не размокніце!
Неба, ясных зораў не тушы!
Як мой друг адзін казаў: не моўкніце
Сёння, салаўі маёй душы!

XVI

Кветак мне трэба – белых і крыху сініх,
Лісцяў мне трэба – зялёных і трапяткіх,
Свежых вятроў, навальніц і сцежак ласіных
I добрых усмешак людскіх.

Грукату трэба мне нашых вялікіх будоўляў,
Спелых калоссяў і шолаху ціхіх калін.
Толькі не трэба, не трэба мне іншае долі,
Іншага сонца не трэба і іншай зямлі.

Быў Калізей збудаваны калісьці рабамі,
Рымляне ім ганарацца нямала вякоў…
Сёлы свае, гарады збудавалі мы самі,
Межы на нівах разгладзілі ўласнай рукой.

Я з вандравання на зорным лячу самалёце,
Бачу, радзіма, прасторы, багацці твае.
Добра, радзіма, сябе адчуваць у палёце –
Сэрца пяе, бо ты крылы дала нам свае.

Колькі ты вымела здраднікаў і малаверцаў,
Хісткіх і слабых цярпліва, як маці, вяла.
Колькі ты сілы ўліла ў нашы простыя сэрцы
I загартоўку, і волю, і розум дала.

Сколькіх аплакала ты, дарагая радзіма,
Мужных герояў, найлепшых сыноў і дачок.
Колькі глынула агню ты і чаду і дыму
I ацалела, бо вечна была з Ільічом.

З партыяй роднай была ты заўсёды і ўсюды,
I камуністы наперадзе заўжды ішлі.
Не называем ніколі твой росквіт мы цудам,
Гэта – мы знаем – адзіная праўда зямлі.

Маці-радзіма, я рад, што жыву камуністам,
Сын твой, гатовы пайсці за цябе і на смерць.
Больш за жыццё берагчы буду сцяг твой агністы,
Сцяг, над вякамі якому свяціць і шумець.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Патрыятычная песня (паэма) - Пiмен Панчанка