Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Гальшаны (паэма)

“Назва нашай вёскі ад пана
пайшла”.
“З падання).

І

Калісьці жыў багаты пан.
Ён зваўся Ольша, ці Альшан.
Не проста панам, князем быў,
Далёка ў свеце знатным слыў.

Памешчык ён і гаспадар
Зямель, паселішчаў шматлікіх,
Угоддзяў, нетраў уладар,-
Прыбытак меў штогод вялікі.

Хоць горды сам, а справядлівы,
Бо па натуры – неблагі,
Ды да людзей добразычлівы,-
І просты люд яго любіў.

ІІ

Найлепшы сябар у Альшана –
Лугвен, што з простых быў сялянаў.
Яны з дзяцінства сябравалі,
Усюды разам вандравалі.

У тых вандроўках, ля агнішчаў,
Адной абходзіліся лыжкай,
І спалі ў цемрадзі начной
Удвух пад посцілкай адной.

Былі ў баях, у сечах многіх,
Плячо ў плячо ў паходах доўгіх…
А як на звера палявалі –
Вось дзе яны ўжо выраблялі!

Аж нават мажныя дзядзькі,
Бывалыя дружыннікі,
Ківалі галавой з адчаю –
Былі ў здзіўленні незвычайным:

-Не берагуцца хлопцы, ой!
Так рызыкуючы сабой.
Ці ж можна лётаць так у лесе,
Нібы па роўным полі дзесьці?..

Сябры ўсміхаліся ў адказ:
-Жывём жа толькі адзін раз!
Нам жыць – самім усё спазнаць,
А не с казаннямі звяраць.

Як састарэем – вось тады
Мы будзем з печы маладым
Расказваць казкі нараспеў.
А зараз – дык наш час прыспеў!

ІІІ

Аднога разу князь з Лугвенам
Ізноў здабыць рашылі звера.
Пяцёх з дружыны толькі ўзялі,
Каб тыя іх суправаджалі

Наперакор перасцярозе
Альшан казаў: – ніхто не можа
Мяне чапаць у маім княстве,
Ну хто асмеліцца напасці?

І воі* не настойвалі,
Бо людзі з вопытам былі:
Ці ж хто захоча, сапраўды,
Сабе ў чужой зямлі бяды,
І стане ў далеч заглыбляцца?
Аж не!
Прыйшлося-ткі
з бядой спаткацца!

ІY

Далёка ў пушчу ў месцах воўчых
Азарт заўзятараў завёў.
Што нават князеў палясоўшчык**
Прасіў вяртацца зноў і зноў.

-Ты што, спалохаўся, стары? –
На тое усміхаўся князь –
З Лугвена прыклад вунь бяры,
З каня не злазь!

Галопам зноў ляцелі коні,
Свісталі стрэлы,
І дзіды*** ў цэлі трапна білі.
Звяроў у выніку пагоні
Ўжо горы цэлыя набілі

А дзень хіліўся да закату…
Ляснік казаў: – як ноч прыспее,
Знайсці праз пушчу шлях дахаты
Наўрад ці ў цемры мы сумеем!

Ужо і воі насядалі:
-Пара назад вяртацца, князь!
Падводы з вёскі каб прыслалі,
Цераз ганца пашлі наказ –
Здабычу людзі каб забралі.
-Паспеем! – чулася ў адказ-
І паляванне прадаўжалі.

Y

І тут знянацку тур здаровы
Сябрам папаўся ў поле зроку.
Альшан з Лугвенам – удагон,
адарваліся ад аховы,
І зніклі ў гушчары далёка.

Быка таго звалілі лоўка.
Спыніўшысь, пераводзяць дух.
Аж, раптам, верны палясоўшчык
(быў з імі ён)
Сігнал падаў узняццем рук.

Сцішэлі. Слухаюць. Ні слова.
Паблізу трэск галля чуваць.
Спярша падумалі: – ахова!
(павінна іх была дагнаць).

Ды не! Насупраць, у звярыных шкурах,-
Дзясяткі два людзей са зброяй,
Глядзяць з-пад лобу вочы хмура,-
Стаяць напагатове к бою.

Па ўсім відаць, што спаткаёмцы
Жывуць, напэўна, недалёка,
З лясной глушы на незнаёмцаў
Напады робяць і налёты.

Альшан ніколькі не спужаўся
(Сам-насам з ворагам – не раз!)
-Хто вы?! – сурова запытаўся.
-Пазнаеш!.. – злобны быў адказ.
-А ну! – Лугвен раўнуў-азваўся-
Укленчыць, хутка на калені!
Наш валадар прад вамі, князь.

-Яшчэ чаго! Табе ён князь –
Дык сам і падай на калені
Ды развітайся з галавой.
А нам адно: ці князь, ці гразь! –
Дзяцюк прамовіў здаравенны,
І замахнуўся булавой.

Але ударыць не паспеў:
Мільгнуў каротка Ольшаў меч –
Супернік на зямлю асеў,
І галава зляцела з плеч.

-Стары, да нас! Бярэмся ў кола! –
Што сілы ёсць Лугвен заве.
Вярхамі ўтрох – яны. Наўкола –
Натоўп разбойнікаў раве.

Yіі

І бой бязлітасны пачаўся.
Лугвен і Ольша ў сечы – злыя,
Майстэрствам кожны вызначаўся.
І палясоўшчык завіхаўся:
Бандзюг крушыў дубовым кіем.

Сябры у бойцы рукапашнай
Пераўзыходзілі усіх:
Мо, шэсць ці сем пасеклі ўласна,
Было і шмат параненых.

Бандыты ўжо і шкадавалі,
Што пачалі дурную справу.
А князь з Лугвенам прадаўжалі
Лупіць налева і направа.

Было б, урэшце, і няблага,
Ды ў завяршэнні патасоўкі
З сядла зваліўся палясоўшчык –
Напэўна, страціў раўнавагу.
К старому злыдзень падступіў –
І на зямлі таго дабіў.

-Ах, крумкаччо! Каго забілі!
Не будзе літасці для вас!-
Раз’юшана ім крыкнуў князь,
Рвануўся ў бойку з новай сілай.

Рабаўнікі тут зразумелі,
Што трэба жыцці ратаваць,
Адсюль хутчэй куды ўцякаць –
І… толькі пяткі заблішчэлі!

Yііі

З каней саскочылі сябры –
Скарэй дзядулю аглядаць:
-Мо, толькі ранены стары?
Ды не, ўжо вочы не глядзяць.

-Шкада!
Але ж нябожчыку не ўстаць.
Вывозіць нам патрэбна з лесу
Яго кудысь к жылому месцу –
Па-людску мусім пахаваць.

Пакуль глядзелі-меркавалі
І цела на каня ўскладалі,
У пушчы змрок запанаваў,
Абрысы дрэў, кустоў схаваў.

-Ну вось, і здарылася тое,
Што палясоўшчык прадказаў,
Што нам цяпер рабіць з табою? –
Лугвен панурана спытаў.

-А раптам, тыя – недалёка,
Чакаюць зручнага выпадку?
-Праб’ёмся. Будзе ўсё ў парадку:
Па зорках выбярэмся лёгка!

ІХ

І ноч, і дзень яны ішлі,
Бо верхам ехаць не маглі
Па непралазнай глухамані,
Адкуль і зорак не відаць –
Наўгад прыйшлося паблукаць.
Пад самы вечар знемаглі,
Пад дуб ляглі, засумавалі.

Альшан Лугвену кажа ціха:
-Як толькі нас мінуе ліха,
І мы спаткаемся з людзьмі,
Я абяцаю: ў месцы тым
Прыгожы замак пабудую –
і стану жыць тады у ім.

-Дай, Божа, спраўдзіцца жаданню!
Хутчэй бы выйсці на людзей,
Зусім не страціць каб надзей
І веры у выратаванне!

Пад дубам тым трывожным сном
Глухую ночку скараталі.
Уранку, самым золкам, зноў
Далей пайшлі. Куды – ці зналі?..

Схуднелі, абарваліся ў лясах.
Ім цяжка йсці (хоць і прывычныя!).
Яшчэ крыху – ахопіць жах,
Што анёл лёсу іх пакінуў…
Ажно –
выходзяць паляўнічыя
На невялічкую хаціну.

Другі ляснік з сям’ёй тут жыў,
Таксама князю ён служыў.
За тыдзень выхадзіў сяброў –
Маглі ісці ў паход ізноў!

Х

Што абяцаў, Альшан зрабіў
(У справах ён дакладным быў):
Вярнуўся толькі з дальняй далі –
Людзей паслаў, каб збудавалі
У новым месцы замак ладны.
Майстроў там сотні шчыравалі –
За два гады ўзвялі дакладна.

Ганцы да князя паскакалі,
Прыбыўшы, адрапартавалі:
-Усё гатова у палацы!
Святлейшы можа перабрацца.

І згодна княжацкай патрэбе,
Такія замкі збудавалі
Таксама ў Медніках і Крэве.
Паміж палацаў, на выпадак
Чыйго варожага нападу,
Хады падземныя праклалі –
Па іх маглі хадзіць пяшком
Ці ехаць, хоць чацверыком****.

А у паселішчы Альшаны –
Яго так сталі называць –
Падземным ходам быў звязаны
Яшчэ і з кляштарам палац.
…….
Шмат год сышло – і не Альшаны
Мы вымаўляем, а Г а л ь ш а н ы.
Ды водгук колішніх падзей
Жыве у памяці людзей.
—————————
*вой – баец, воін.
**палясоўшчык – лясны вартаўнік, ляснік.
***дзіда – старадаўняя колючая зброя ў выглядзе
доўгага дрэўка з вострым металічным
наканечнікам, піка.
****чацвярык – чатыры кані ў адной запрэжцы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Гальшаны (паэма) - Пётр Шакола