Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Ціхіх рэчак разлівы, вясновыя пацеркі вод

Ціхіх рэчак разлівы, вясновыя пацеркі вод…
Як стагоддзі таму, новы дзень узыходзіць над краем.
Цёплы водар зямлі, і абуджаных птушак палёт,
I маўчанне бароў, і зялёная рунь маладая.

Колькі жыць мне на свеце – вяртацца з паклонам сюды,
Да маўклівых прысад, да азёраў, парослых чаротам,
Там ссыпаюць пялёсткі, бы даўнія мроі, сады,
I так многа святла, і так многа тугі першароднай.

Я не думаў ніколі, што гэтак мне будзе балець
Кожны боль твой, Радзіма, і кожнае ціхае слова,
Што шчымліва і горда ў душы маёй будзе звінець
Памяць мудрых муроў і дыханне стагоддзяў суровых.

I цяпер я паверу, што нават і ў горкі свой год
Перад тым, як сысці і растаць, нібы воблака ў высях,
Я паспею запомніць вясновыя пацеркі вод,
Белы россып пялёсткаў, што ў вечнае неба ўпляліся.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ціхіх рэчак разлівы, вясновыя пацеркі вод - Навум Гальпяровіч