Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адгалоскі даўняй зімы

Ці то мроіцца,
Ці то помніцца,
Бы даўно калісь
За ваколіцай
Санны след бяжыць_
Дзве палосачкі
Ад майго сяла
Да той вёсачкі.
Уецца санны след,
Коні сытыя,
Белым пухам снег
Пад капытамі.
Ой, вяселлейка!
Хлопцы з дзеўкамі
Сыплюць жартамі
Ды прыпеўкамі.
Весяльчак ды зух,
Твар, як сонейка,
Выціскае дух
У гармоніка.
Ой, Лявоніха!
Бровы месяцам,
Як дзве зорачкі
Вочы свецяцца.
Эх, Сямёнаўна!
Дзеўка гордая,
Сэрца мяккае,
Грудзі цвёрдыя!
Коні тройкамі,
Коні парамі,
Рэха звонкае
Над абшарамі.
А мяцеліца
Полем сцелецца…
Ці было яно,
Ужо й не верыцца.
І не вернецца,
Што было – прайшло…
Трое конікаў
На ўсё сяло.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Адгалоскі даўняй зімы - Мікола Пацяюк