Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш … І прасвечваюць нашыя сэрцы

Як адбіткі вякоў, як пабыткі,
Што не ў сілах здалець і смуга –
Легендарныя коні і світкі,
Вышываная – кроўю – сцяга…

Нашы плечы ў баях не паслаблі,
Хоць крышыў іх нягодны віхор.
Чаратамі – сталёвыя шаблі
Над прадоннем былінных азёр.

Наша моц гартавалася ў буры,
На гарачых кастрах пачуцця.
…Неабутыя славы катурны
Пры высокім дыханні жыцця.

Песня й праўда – бясцэнныя зліткі!
(Чужакам хай пасвецяць рублі.)
Легендарныя коні і світкі –
Ўсё разбуджана гулам зямлі!

На паверцы стаім, на паверцы,
Растапляючы камень і лёд.
І прасвечваюць нашыя сэрцы
Каліноўскі. Купала. Народ.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш … І прасвечваюць нашыя сэрцы - Яўгенія Янішчыц