Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Славы даўняй адгалосак

На гарбах счарнелых высп
стогнуць сосны векавыя.
Воўкам вые Ваўкавыск,
падвывае Ваўкавыя.

Ад варожых капытоў
абгароджана Гародня.
І Лагожаск з-за шчытоў
пазірае нелагодна.

Менск, абуджаны ўначы,
лоб хавае пад забрала.
І мяняюць крывічы
на мячы свае аралы.

Тураў дзьме ў турыны рог.
Клічаў кліча.
Свіслач свішча.
Месяц – кінуты нарог –
У разоры чорнай блішча…

О, мінулыя вякі!
Зброі бразгат несціханы.
Пагражалі крыжакі,
Каралі, цары і ханы…

Ды жыве ў пластах гадоў
славы даўняй адгалосак –
назвы нашых гарадоў,
нашых вуліц, нашых вёсак.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Славы даўняй адгалосак - Артур Вольскі