Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Балада пра стайню

Сказаў камісар: “Не патрэбен храм,
вось-вось камунізм настане.
Мы ў храмах наробім складоў і крам,
а ў гэтым хай будзе стайня!”

Сказаў – і забегаў рабочы люд,
пасеклі алтар, іконы.
Заміж Хрыста на сцяне – хамут.
Прыгналі затым і коней.

А конюх хадзіў – ну нібы святар,
паводзіў сябе прыстойна –
маўляў, каб хапала ўсім святла,
каб кожнаму было стойла!

А конюх быў пралетарскі, наш.
Вароты зрання рыпелі,
ён рызай коням насіў фураж,
паіў па чарзе з купелі.

А конюх часам у яслях спаў,
бо піў, як Пане Каханку.
Аўса пад бок з мяшкоў нассыпаў –
і маеш бярлог да ранку!

Гарэлка грэе – не мерз зімой.
Ды толькі аднойчы ўночы
прачнуўся конюх і – Божа мой! –
на лоб аж палезлі вочы –
Ці мала плуга і баразны? –
(Ці я ў Сатаны ў палоне?!)
пад разламаныя абразы
выходзяць і кленчаць коні!!!

I конюх запоўз пад парожні воз,
нібыта ўцякаў ад згубы,
і падалося між п’яных кроз –
вялікія вочы у іх – ад слёз,
ад цугляў – такія зубы.

Моляцца коні?! Хто даў дазвол?
Дзе? У якім законе?!
I конюх выхапіў звыкла кол.
I ўсталі з каленяў коні.

Нібы ашалелі ўсім гуртом
і ведалі, што рабілі,
і плакаў конюх, і капытом
быў кінуты пад драбіны.

…Ён грыз іржавую сталь атос,
а колы ламалі рэбры.
Здавалася – у возе сядзіць Хрыстос,
Трымаючы німб свой срэбны…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Балада пра стайню - Міхась Скобла