Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ПРАЧНУЎСЯ

Прачнуўся зернем матчынай вантробы,
каштоўным зліткам найвышэйшай пробы,
празрыстай кропляй раніцою роснай,
канструкцыяй умоўнасці дзьвюхкоснай.

Прачнуўся парабкам на згатаваным збожжы,
вандроўнікам у чорным бездарожжы,
цяжарнай дзеўкай пад аблезлым стогам,
сам-насам у размове вечнай з богам,

Блакітным небам над пагрозай мора,
зямлёй пахучай з бацькавай разоры,
драўляным плотам радавой хаціны,
мядовым пахам казачных мясцінаў,

Гаротным смуткам у вачах бабулі,
працяглым крыкам – каб усе пачулі.
Прачнуўся дрэвам, ссохлым ад нядолі,
аргана гукам у старым касцёле,

Тым вольным ветрам, што пяе над дахам,
духмяным хлебам у касца пад пахай,
рыпучым колам на лясной дарозе,
пакінутаю ружай на марозе,

Святлом дрыжачым крэсіва вядзьмаркі,
шыпеннем чулым на патэльні шкваркі.
Прачнуўся рэхам плачу з падзямелляў,
з чужога шалу ў жудасным пахмеллі,

Халоднай цемрай змрочнага завулка,
душой без аніводнага прытулку,
пялесткам кволым у пяшчанай буры,
балючым шрамам на дзіцячай скуры…

Прачнуўся золкам на пачатку лета.
Усхвалявана ўзняўся: “Маю мэту!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш ПРАЧНУЎСЯ - Павел Надольскі