Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ня верыў я

Ня верыў я, што так бывае.
Ды міг той вечна сьцерагчы.
Рука пяшчотная, жывая
Сьцякла паволі па плячы.

Адкуль, з якіх глыбінь сусьвету
Яна, як промень, прыплыла
Халодным, непрытульным летам
Да незнаёмага жытла?

Не расчыняла ўладна дзьверы,
Цішком ня стукала ў акно,
Ды ў тое змусіла паверыць,
У чым зьняверыўся даўно.

Лічыў сябе вар’ятам потым,
Нармальны гэта не сасьніць…
А змог жа нечаканы дотык
Зямлю і неба замяніць.

Маланкай згадка скронь апаліць,
Адпусьціць багна мітусьні.
Зноў непрыручаная памяць
Цябе нясе з далечыні.

Ступой пакорлівай і гордай
Па долі крочыш наўскасяк.
I перахопіць раптам горла,
Не пракаўтнуць сухі камяк.

Скажы, якім багам маліцца
За гэта ціхае: “Дазволь
Мне, хоць на хвілю, прытуліцца
I падзяліць твой сум і боль…”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ня верыў я - Сяргей Законнікаў