Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На арэлях памяці

Кастры майго юнацтва дагарэлі,
На расцяробах выраслі лясы,
А успамінаў хісткія арэлі
Яшчэ плывуць у даўнія часы.

Гайдаюся то нізка, то высока
I бачу ўсё то зблізку, то здаля,
Калі паіла верасовым сокам
Мяне з крыніц настылая зямля.

Я захлынаўся прагнымі глыткамі
I за сасной усцяж валіў сасну,
Глядзелі пні дакорліва віткамі
Сваіх гадоў, а я чакаў вясну.

Чакаў: растануць раннія сумёты,
Чакаў: зіма завейная міне,
I зноў вясёлак светлыя вароты
Разнасцежаць прасторы для мяне.

А да вясны яшчэ было далёка,
I завіруха дзень і ноч мяла,
Ды я не гнуўся, кажучы няўрокам,
Хоць гнула ў тры пагібелі піла.

Я лес валіў. Лістоўніцы і кедры
Зрываліся у розныя бакі
I падалі ў заснежаныя нетры,
Ламаючы падлесак і сукі.

А на змярканні вогнішчы палалі,
Гула тайга ад ветру і тугі,
I першых зорак буйныя каралі
Каціліся ў блакітныя снягі.

Глядзеў крумкач з галіны хіжым вокам,
Але свісталі пілы дацямна.

Я лес валіў.
За Эльбаю, далёка,
Канчалася апошняя вайна.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш На арэлях памяці - Сяргей Грахоўскі