Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Піла-вяртуха – звонкая гарэза

Піла-вяртуха – звонкая гарэза –
Выкручваецца гэтак альбо так.
Мукой апілкі сыплюцца з надрэза,
Хоць падстаўляй прыгоршчы ці латак.

Я з бацькам дуб пілую на штандары
(Патрэбна ў хаце пераставіць печ).
А тут цямнее і находзяць хмары,
I не паспець мне – ведамая рэч.

Куды? Аб гэтым я адзіны знаю
I анікому ў свеце не скажу.
I, сцяўшы зубы, горка праклінаю
I дождж, і змрок, і золкую імжу.

Пакуль я буду вечарам імжыстым
Парадчыць круглякі на халадку,
Дзяўчына з кучаравым гарманістам
Шчасліва ходзіць недзе пад руку.

I мне ўжо не вярнуць яе – суровы,
Прыйду я да вясельнага стала:
Ці то ў маіх, ці то ў грудзях дубровы
Балюча ные сумная піла.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Піла-вяртуха – звонкая гарэза - Сцяпан Гаўрусёў